Читать «Гэпварт, 16, 1924» онлайн - страница 15
Джером Дейвид Сэлинджер
Калі апошні абзац занадта нечытэльны ды прыкры, пастарайцеся прыгадаць, што я пішу са страшэннай, імклівай хуткасцю, і тут не да прыгожага стылю. Праз жменю хвілін ці праз чвэрць гадзіны будзе вячэра, пішу я не ў адпаведны час. У бунгала "Ліліпут” патрабуюць спаць, як сабак, па дзесяць невыносных гадзін кожнае начы, калі дакладна а дзевятай цемра паглынае бунгала. Я загаворваў з містэрам Гэпі наконт гэтага некалькі разоў, але бясплённа. Божа, які жахлівы чалавек, калі ён не ўводзіць каго-небудзь у зман, дык даводзіць да істэрычнага рогату, і тое, і другое марнаванне часу. Калі б ты ўзяўся напісаць яму кароткі, зычлівы, жывы ліст — я наважыўся звярнуцца да цябе асабіста, дарагі Лэс — ды разжаваў яму, што для таго, хто валодае хоць бы азамі правільнага дыхання, дзесяць гадзін сну чыстае вар'яцтва і кара. Мы маем, вядома ж, ліхтары, але такое ўладкаванне дужа нязручнае: кепскае святло і кепскі настрой.