Читать «Мужчыны» онлайн - страница 2

Алесь Жук

Мужчына таропкім, дакладным рухам ускінуў стрэльбу да пляча…

Сабака ўздрыгнуў, паволі апусціўся бокам на снег; галава яго была павернута ў бок малога.

Мужчына закінуў стрэльбу за плечы, не гледзячы ні на малога, ні на сабаку, пайшоў назад па сваіх ямінах-слядах. Са стрэльбы яшчэ тоненька віўся сівы дымок.

Малы пастаяў, пачакаў, але сабака не ўставаў. Малому стала неспакойна. Ён сам падбег да сабакі, пацягнуў яго за вуха. Сабака не варушыўся. Ён быў цёплы, як звычайна, але нейкі ўвесь мяккі і цяжкі. Малы разгублена зірнуў на сабаку: збоку, ля пярэдніх ног, расплывалася на снезе чырвоная пляма. Малы пакратаў снег рукою. Ён быў мяккі, вільготны і нейкі цёплы.

Малы бездапаможна азірнуўся па баках, потым кінуўся бегчы прэч, спатыкнуўся, упаў тварам у снег, усхапіўся і зноў пабег…

Знайшлі яго бацькі ў хляве. Ён ляжаў тварам у сена і плакаў, плакаў не па-дзіцячаму: без усхліпаў, кусаючы губы.

Ён не захацеў абедаць, не пайшоў з бацькамі на двор, а застаўся ляжаць на кушэтцы — прыціхлы і затоены.

Бацька забраў санкі, што засталіся стаяць ля варотцаў у сад, але малы да вечара так і не выйшаў з хаты.

Назаўтра ён не ўстаў разам з бацькам, не захацеў мыцца, як мужчына…

Не пайшоў ён больш і ў сад, нават пасля таго, як частыя лютаўскія завеі замялі і яміны-сляды, і схіленую над імі маладую вішаньку.