Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 15

Маргарыта Латышкевіч

— Калісь на цмокаў паляваў Княжы Двор, — Йурай паважліва крануўся змяінай фібулы на сэрцы. — Збольшага на крыважэрных бадзяг, якія не ў час ачомаліся ад спячкі, або на ашалелых выгнаннікаў са зграі.

Паэт памаўчаў і, кашлянуўшы, дадаў, што, можа, Двор і зараз з ахвотаю паляваў бы, але саміх цмокаў амаль не засталося.

— І як жа палявалі? — жыва ўдакладніла Ільга. — Мо і мне гэтак паспрабаваць?

— Для пачатку, — адазваўся Йурай насмешліва. — Табе патрэбна будзе з паўтузіна ўзброеных княжых паляўнічых і ўдвая болей хартоў.

Упрост цудоўна, сказала сама сабе Ільга, паціраючы лоб у роздуме. Патрэбна шасцёра вояў з не-людзей ды па двое не-людскіх сабак на кожнага. А ў яе распараджэнні толькі адзін на рэдкасць самазадаволены не-людзь, і той паэт, ды пярэстая кабылка.

Зрэшты, ёсць яшчэ верная бацькава дзіда ды лук, ды ўмелыя рукі. Калі цмок — усяго толькі звер, хай сабе вялікі ды небяспечны, значыць, яго можна адолець. Не сілаю — дык хітрасцю.

— Пачакай, — Йурай прыпыніўся. — Глядзі вунь туды.

Ільга зірнула, куды ён паказваў. За жытнім полем, на самым ускрайку луга бялелі раскінутыя шатры. Хвасты дымоў ад вогнішчаў слаліся нізка, прыбітыя сырым ветрам, блізкаю навальніцаю. Чуваць былі прыглушаныя чалавечыя галасы, бразгат металу ды конскае ржанне. Пярэстая, пачуўшы сваю радню, застрыгла вострымі вушамі, адгукнулася тоненька, радасна.

— Цікава, хто б гэта мог быць? — прагаварыла Ільга занепакоена.

— Воі кагось з вашых князькоў, — упэўнена адказаў Йурай. — З тых князькоў, хто бліжэй. Пабачылі цмока ў небе — і вырашылі праверыць.

— Але чаму тады яны тут? — гнеўная Ільга нават прытупнула. — Іх жа там, мабыць, да халеры! Яны б маглі...

— Не маглі, — па-воўчы ўсміхнуўся паэт. — Вядома, і не змогуць.

Злавіў на сабе непаразумелы пагляд дзяўчыны і патлумачыў:

— Так і смярдзіць жахам. Нават адсюль.

— Дык і нядзіўна, — разважліва сказала Ільга. — Пад самым жа, лічы, цмокам сядзяць.

На лузе навальніца, нарэшце, дакацілася да іх. Загусцела, застыла паветра. У сіняватым святле рэзка пасыпаліся долу хвосткія ніці вады, з сілаю забілі па зямлі, па свежай безабароннай зеляніне. Бліснула вусцішным блакітам зусім побач, пранёсся высока аглушальны грукат — голас раз'юшанай буры.

— Хто ідзе? — хрыпла крыкнулі Ільзе ад белых шатроў, ледзь перакрываючы ўдары цяжкіх кропляў ды грымоты. Вой у чырвоным плашчы паверх блішчастага панцыра было ледзь відно за палосамі дажджавой вады.

— Паварочвайце, — сказаў вой. — Не чулі, ці што? Цмок!

— А я на таго цмока і палюю! — упэўнена адказала Ільга.

— Ну-у? — здзівіўся вартавы, нават прысвіснуў. Азірнуўся неяк бездапаможна, быццам шукаючы парады ці падтрымкі, і таропка адсунуўся, саступаючы месца камусь мажнаму ды медзведзяватаму. Ільга закінула галаву і далёка наверсе разгледзела цёмную кучаравую бараду.

— На цмока? — прабасіла з барады. — Хто? Ты, дзеўка?

— Я, — Ільга выпрастала плечы. З барады пырснула кароткім здзеклівым смехам — як сабака забрахаў. А пасля барада спусцілася ніжэй, бо ўладальнік яе нахінуўся, каб лепш разгледзець Ільгу. Тая змрочна ўтаропілася ў крывы гарбаты нос, што вытыркаў з барады, і маленькія шэрыя вочкі. А бараты гаварыў так: