Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 79

Віктар Шніп

12.04.2016. Сёння міжнародны Дзень касманаўтыкі. Ніколі не марыў быць касманаўтам. І калі па тэлевізары аб’яўлялі пра новы запуск касмічнага карабля, бацька, пачуўшы гэта, казаў: «Зноў нейкі косман паляцеў! Няма чаго ім там рабіць! Толькі Бога злуюць!»

***

12.04.2016. Учора да пенсіі мне было чатыры гады, а з сённяшняга дня — сем. Аднак я не памаладзеў на тры гады.

***

12.04.2016. Быў два тыдні ў адпачынку. Сёе-тое рабіў дома і выгульваў аўчарку Міёну. З раніцы да вечара на Мухлі бачыў адных сабак і іх гаспадароў у спартовых касцюмах. Пайшоў на працу. На кожным кроку на вуліцы жанчыны ў кароткіх спадніцах і ніводнага сабакі...

***

12.04.2016. На працы. Звоніць тэлефон. Падымаю слухаўку. Чую: «Может, вам моя рукопись попала? Не помню, куда отдал.» — «Як называецца?» — пытаюся. — «В объятиях удава», — адказвае пісьменнік. — «Не! Такой у нас няма!» — гавару я і чую кароткія гудкі.

***

12.04.2016. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Нават перапісчыкам Бібліі Бог не гарантаваў адсутнасці памылак. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Мы яшчэ жывыя...

***

13.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя: «У Мінску пасля цяжкай хваробы на 69-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Міхаіл Кацюшэнка».

***

13.04.2016. Выступаў у СШ №2, што ў раёне Каменнай горкі. Едучы ў школу, думаў, што сустрэча з вучнямі адбудзецца ў душным класе або цеснай бібліятэцы, як часцей за ўсё гэта бывае. Прыехаў і трапіў у вялікую, амаль паўнюткую школьную актавую залу. Быў мікрафон, таму гаварыў, не рвучы горла, з натхненнем, якое з’явілася на ўваходзе ў школу, дзе мяне сустрэла цудоўная настаўніца Жанна з ветлай, шчырай усмешкай. Дзеці спакойна сядзелі, слухалі, а потым задавалі пытанні. Па-беларуску. Адзін толькі хлопец гаварыў па­руску, але, атрымаўшы ад мяне адказ, ён праз хвілін пяць яшчэ задаў пытанне, і на гэты раз па-беларуску. Дамоў вяртаўся, як з роднай школы.

***

15.04.2016. Маладзік як адзінокі залаты ветразь у акіяне вечнасці.

***

15.04.2016. У свой час Ірына Марачкіна збірала кнігу ўспамінаў пра Ірыну Крэнь, з якой я працаваў у газеце «Наша слова». На жаль, кніга не выйшла, і Ірына Марачкіна пакінула гэты свет. Аднак успамін захаваўся. Ён, праўда, мае гучную назву «Мы разам ішлі да Беларусі», але не звяртайце на яе ўвагу, а чытайце.

Мы разам ішлі да Беларусі

Ірына Платонаўна Крэнь. Успамінаючы Ірыну Платонаўну, прыходжу да высновы, што гады яе працы ў газеце «Наша слова» былі самымі яркімі і плённымі ў яе працоўнай і жыццёвай біяграфіі. І не толькі самымі яркімі і плённымі ад таго, што яна актыўна ўдзельнічала ў выпуску газеты «Наша слова», а больш ад таго, што яна, як і ўсе супрацоўнікі штотыднёвіка Таварыства беларускай мовы, вяртала ў сэрцы і душы беларусаў гонар звацца беларусамі, беларусамі, якія маюць сваю мову і шматвекавую гісторыю і ганарацца гэтым.