Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 76

Віктар Шніп

«Полымя» і каханне

11.04.2016. Напачатку васьмідзясятых гадоў я напісаў амаль пяцьдзясят вершаў пра каханне. Напісаць напісаў, а дзе такую вялікую падборку надрукаваць цалкам? Мікола Мятліцкі параіў гэтыя творы пачытаць Веры Палтаран і, калі яны ёй спадабаюцца, то яна закіне за мяне слова перад галоўным рэдактарам «Полымя» Кастусём Кірэенкам. Вера Сямёнаўна не паленавалася і паслухала ўсе мае вершы пра каханне. Яны ёй спадабаліся, і я праз некалькі дзён ужо ў кабінеце Кастуся Ціханавіча чытаў свае творы. Праз паўгадзіны пачуў: «Малайчына! Пакідай! Усё надрукуем!» Аднак праз паўгода ў «Полымі» з маёй падборкі было надрукавана ўсяго толькі некалькі вершаў пра каханне ў агульнай падборцы паэтаў-пачаткоўцаў. І наогул тады часопіс вельмі рэдка друкаваў моладзь.

***

11.04.2016. Перабіраў у камп’ютары старыя файлы. Сярод усяго знайшоў пра Леаніда Галубовіча. Было напісана і надрукавана ў «ЛіМе» да ягонага юбілею. Якога? Здаецца, да 60-годдзя.

«Снежань 1981 года. Дом творчасці “Каралішчавічы”. За вокнамі цёмна, марозна, завейна. У светлай ад паэзіі зале гучыць: «Шукаю чытача, // Хаўрусніка душы, // Які б з майго пляча // Цяжар пералажыў // І на сваё плячо... // Лягчэй дайшлі б да мэты. // Так мала чытачоў, // І тыя ўсе — паэты. // І ўсё ж жыве, аднак, // Надзея, і здаецца, // На слова хоць адна // Душа ды адзавецца...» — гэта Леанід Галубовіч чытае свае вершы. І яго слухаем мы, маладыя, Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Уладзімір Арлоў, Васіль Сахарчук, Анатоль Шушко, Сяргей Вераціла, Алесь Наварыч, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік, Людміла Паўлікава, Ала Канапелька, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Саламаха, Мікола Мятліцкі, Вадзім Спрынчан... У Лёні ад хвалявання дрыжаць рукі, і здаецца, што ён не трымае аркушы з вершамі, а сам трымаецца за іх. І мы чуем: «Хмурая восень злізала пагоркі... // Познія яблыкі ў садзе пагорклі... // Ціха ў душы, нібы ў доме начлежным. // Толькі душа мая мне не належыць. // Хмураму небу. Рыжаму долу. // Голаму саду. Мірнаму дому. // Сумнай жанчыне ў роднай Айчыне... // Дзе прыналежна — там і спачыне». Перапыніўшыся на нейкую хвілінку і, выцершы даланёй пот з ілба, Леанід Галубовіч чытае далей: «Прычакаўшы глыбокага снегу, // Аб’язджаюць каня мужыкі: // Маладому, шалёнаму бегу // Дзве аглоблі сцінаюць бакі. // Ні на міг не правісне ляйчына. // Не папусціць свабоды рука, // І — тады, дзе глыбее лагчына, // Да апошняга правіць рыўка. // Вось ён — потны, загнаны, знямоглы — // Ад тугі і адчаю захроп. // Заўтра стане пакорна ў аглоблі // І без пугі не пойдзе ў галоп». Дачытаўшы нізку вершаў, Лёня глядзіць на нас, сваіх слухачоў, так, нібыта ён пастаўлены да сценкі, і яго зараз мы павінныя расстраляць. «Усё? Калі ўсё, то сядай», — кажа кіраўнік семінара паэзіі Рыгор Барадулін. Лёня, уздыхнуўшы з палёгкай, сядае, нібыта пачуў, што загад «расстраляць!» заме­нены на пажыццёвую высылку ў краіну Паэзія, з якой яшчэ ніхто жывым не вярнуўся дамоў. Праз хвіліну пачынаецца абмеркаванне вершаў. Усе хваляць Г алубовіча, і ўсім хочацца даведацца, адкуль ён такі ўзяўся. І Лёня расказвае, што ён нарадзіўся ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы і Слуцкага ПТВ працаваў электрыкам на прадпрыемствах Жабінкі, Слуцка і Клецка, а цяпер — у родным калгасе. Пісаць пачынаў на рускай мове і свае першыя творы паслаў у «Сельскую газету», з якой атрымаў ліст ад Яўгеніі Янішчыц, якая параіла маладому паэту пісаць на роднай мове. І Лёня пачаў пісаць па-беларуску. Падводзячы вынікі абмеркавання паэзіі Г алубовіча, Рыгор Барадулін сказаў, што ён асабіста чакае рукапіс кніжкі паэта, каб яе без чаргі выдаць у «Мастацкай літаратуры» ў калектыўным зборніку ў наступным годзе. Пасля гэтых Барадулінскіх слоў усе астатнія дні і ночы семінара маладых літаратараў у Каралішчавічах усе толькі і гаварылі пра вершы Леаніда Г алубовіча. Развітваючыся з Каралішчавічамі, мы, семінарысты, абмяняліся адрасамі, каб перапісвацца. Абмяняўся і я з Галубовічам. Першы ліст ад Лёні прыйшоў 22 снежня 1981 года. Ён пісаў: «Сябра мой, Віцюня — прывітанне! Здаецца, яшчэ колькі дзён таму назад мы маглі пра многае гаварыць, аб многім спрачацца... А сёння ўсё гэта — памяць. Я як нанова нарадзіўся. Такі быў дзіўны, цікавы народ! Не падумай толькі, што пішу табе па неабходнасці ўведаць наконт выдавецтва калектыўнага зборніка, хоць і гэта прычына для нашай размовы немалаважная. У мяне з сённяшняга дня пачаліся вясковыя працоўныя будні. А душа яшчэ там — у Каралішчавічах! Усё ніяк не хапае смеласці схіліцца над белым аркушам паперы. Не магу пісаць нешта горш таго, што адзначана Рыгорам Іванавічам як станоўчае. (...) Як ты там жывеш? Чым? Пішы, я буду шчыра рад тваім лістам. А цяпер пра справы выдавецкія. Ці быў ты ў Рыгора Іванавіча? Аб чым гаварылі і аб чым дамовіліся? Пішы праўду, я не пакрыўдую. Гэта намнога лепш, чым ліць ялей на неразумную галаву. Віншую цябе з Новым Годам! Жыві, працуй, пацей, заставайся чалавекам! Твой сябра, Лёня. в. Вароніна». Потым неўзабаве, 26 снежня, прыйшоў другі ліст: «Віця, прывітанне! Сягоння атрымаў твой ліст, — дзякуй. Дзякуй за ўсё тое, што ты зрабіў і, магчыма, яшчэ зробіш для мяне. Спадзяюся, што і я не застануся тваім «вечным крэдыторам»; жыццё, дай-та бог, выдасца ў нас доўгім, і мы яшчэ не раз сустрэнемся на гладкіх і коўзкіх сваіх дарогах. Я пастараюся стаць сапраўдным сябрам. Што з майго ты аднёс у «Знамёнку»? Крыху раней Валодзя Някляеў адабраў каля чатырох (4) маіх вершаў для «Радуги» ці асобнай падборкі, але добра, што ты аддаў яшчэ чатыры; з цягам часу, можа, што-небудзь і адбяруць для друку. Але гэта ўсё так... Сённяшні мой боль аб сваім рукапісе. Як ты пішаш, крыху адышоўшы ад семінара, прыйшло нейкае паразуменне, вострае адчуванне адказнасці за друкаванае слова. Сёння ж атрымаў чарговы нумар «ЛіМа». Даведаўся, што Рыгор Іванавіч «прападаў» у Літве на вечарах паэзіі з А. Балтакісам. Прыедзе — часу ў абрэз, калі яму будзе разбірацца з маім рукапісам? І ўсё-ткі я яму веру, і дай-та яму бог... Віця, ты з ім лічы што на «ты», дапамажы, калі штонебудзь спатрэбіцца пры рабоце над маім рукапісам. Я табе давяраю ва ўсім. І пішы, пішы, калі што трэба ад мяне. Дарэчы, ці чытаў ты лімаўскія згадкі Толі Сідарэвіча пра наш семінар у Каралішчавічах. Нас з табой у першай жа «абойме» амаль разам расстралялі. Аднак жыць пасля гэтага можна. Ці не так? Праўда, мне не спадабалася, што нас за «бездыпломнасць» папракаюць.