Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 73

Віктар Шніп

***

8.04.2016. Гледзячы праз акно на захмаранае неба, машынальна дакрануўся да ацяпляльнай батарэі. Халодная. Адключылі. Сёння? Учора? Жыццё працягваецца без ацяпляльных батарэй. Мы самі гарачыя...

***

8.04.2016. Ты стаў лянотным. Цябе ніхто не кліча ў тэатр. І ты не ходзіш у тэатр, нібыта яго няма ў горадзе. А тэатр думае, што цябе ўжо няма на свеце.

***

8.04.2016. У пошуках кветак побач праляцеў чмель. Наша аўчарка Міёна радасна кінулася за ім. Не дагнала. Адвярнулася да мяне, паглядзела запытальна: «Хто гэта такі?» Я растлумачыў. Для Міёны, якая нарадзілася 17 жніўня, усё цяпер у навізну. Яшчэ нядаўна, калі навокал ляжаў снег і дзень быў кароткі, гуляючы з малой, уяўляў, што яна думае пра свет, у якім жыве: «Тут на вуліцы ўсё белае і халоднае! Гаў! І сонца рэдка свеціць...»

***

9.04.2016. Пасля таго, як памерлі бацькі, жыццё пайшло, калі можна так сказаць, не па плане, па якім я жыў з імі. Бацькі былі як мыліцы, з дапамогай якіх хадзіў па жыцці. Цяпер здаецца, што ўсюды не паспяваю і не бачу тое, што хацеў бы бачыць. Усё не тое, усё не так. Дзеці выраслі, і ў іх сваё жыццё. Яны не хочуць слухаць парад. Яны вучацца на сваіх памылках. І ты адчуваеш сябе бездапаможным і непатрэбным, як мыліцы для чалавека, у якога ногі не зламаныя. І гэта нармальна. І ўсё будзе добра. Ужо зелянее трава, і птушкі сядзяць у гнёздах, чакаючы птушанят...

***

9.04.2016. Што за жыццё!!! Не паспяваеш з добрым чалавекам, якога ты ведаеш па друку, пазнаёміцца асабіста, як ён памірае. Зміцер Саўка. Пражыў 50 гадоў.

***

9.04.2016. Я ў дзяцінстве быў непаслухмяным. «Расце бандыт нейкі!» — роспачна казала мама, калі я паліў вогнішча на ганку хаты, уяўляючы сябе на каменным востраве сярод зялёнага мора травы, як зялёнай вады. Мне хацелася, каб мяне заўважылі караблі, якія плывуць недзе далёка-далёка каля небакраю. Мама не ведала, што за фантазіі ў маёй галаве, і бачыла тое, што ўсе суседзі, — агонь на ганку. І мама казала страшную, бо незразумелую для мяне, фразу: «Здам у іспалніцельную калонію!» Што гэта за «іспалніцельная калонія», я не ведаў і баяўся пра яе пытацца нават у сваіх аднавяскоўцаў-сяброў. І сёння не ведаю, і ведаць ужо не хачу. Мамы няма. І мне па-ранейшаму хочацца распаліць вогнішча на ганку роднай хаты, каб мяне заўважылі караблі, што плывуць у моры маіх фантазій, і пачуць маму: «Расце бандыт нейкі! Здам у іспалніцельную калонію!»

***

9.04.2016. На вуліцы сонца няма. Але ж не зіма!

***

9.04.2016. Якія пісьменнікі паўплывалі на мой светапогляд? Адразу захацелася адказаць катэгарычна: «Ніхто!» Падумаўшы, паразважаўшы, кажу: «Усе, каго чытаў, цяпер чытаю і буду чытаць!» Магчыма, гэта і кепска, што лёгка трапляю пад уплыў розных людзей, але ж яўных няздараў я не чытаю.

***

9.04.2016. Поўня як чарнільніца з залатым чарнілам на чорным стале вечнасці...

***

10.04.2016. Ноччу ішоў дождж. Па мокрым тратуары паўзуць дажджавыя чэрві. Доўгія. Адначасова гідкія і прыгожыя. Бацька казаў: «Не бойся чарвяка, якога ты з’ясі. Бойся таго, што цябе будзе есці».