Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 70

Віктар Шніп

***

3.04.2016. На могілках вясна адчуваецца болей, чым дзе...

***

4.04.2016. На азярыне, якая вызвалілася ад лёду, хвалі. Яны як сляды часу, які ідзе па вадзе.

***

4.04.2016. Дома — гэта табе не ў гасцях. Тут самому трэба каву гатаваць і вяршкі з цукрам дадаваць...

***

4.04.2016. Голыя жанчыны як голая праўда...

***

4.04.2016. Вароны на дрэвах ладзяць гнёзды і крычаць, нібыта толькі гэтай вясной даведаліся, адкуль і куды ў дрэва галіны растуць.

***

4.04.2016. З кожным вясновым днём спадніцы на дзяўчатах карацеюць, як карацеюць ночы.

***

5.04.2016. Дзякуючы фотамайстру Васілю Кузьмічкіну і ягонай машыне, ездзіў у Валожын у краязнаўчы музей, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «Балады беларускага шляху» (Балады Віктара Шніпа ў фотаздымках Міколы Лінніка). Мікола Міхайлавіч прадставіў сорак адзін здымак. Вялікі яму дзякуй за ўвагу да маіх твораў. Магчыма, некалі ўсё зробленае намі выдасца кнігай, а магчыма, і не. Пакуль што задума Міколы Міхайлавіча паспяхова ажыццяўляецца. Праўда, каб зрабіць фотаздымкі да ўсіх маіх балад, яму спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Да пачатку імпрэзы было амаль паўгадзіны, і мне супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю. Яна не вельмі багатая, але ёсць што паглядзець. Большасць экспанатаў не выстаўленыя — няма грошай, каб усё аформіць, як патрэбна. На імпрэзу прыйшлі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, настаўнікі і вучні з СШ №1, якую ў свой час закончыў спадар Мікола. Для мяне было нечаканасцю, што дзеці па памяці чыталі мае балады. Найбольш выразна і без памылак была прачытаная «Балада Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча». Шкада, што ў мяне ўжо даўно няма кнігі «Проза і паэзія агню», у якой змешчаная большая частка твораў з цыкла «Балады беларускага шляху», а то б падарыў дзяўчыне, ды і астатнім чытальнікам я вельмі ўдзячны за дэкламаванне маіх твораў. На жаль, па Валожыне не знайшлося вольнага часу пагуляць, але ў самім краязнаўчым музеі быў той Валожын і Валожыншчына, пра якія раней я не ведаў, і мне гэтага хапіла для добрага настрою, з якім я вяртаўся ў Мінск. Вакол дарогі мільгалі родныя краявіды, дзе мне час ад часу бачыліся постаці маіх вядомых землякоў, якіх ужо даўно няма з намі, а зробленае імі жыве і будзе жыць.

***

6.04.2016. Перад нашай машынай на перакрыжаванні вуліц праляцеў жоўты матыль, нібыта толькі што выляцеў са святлафора, калі загарэлася зялёнае святло...

***

6.04.2016. Першая ў гэтым годзе навальніца абудзіла ў маёй памяці вельмі даўнюю размову з бацькам. Я тады верыў у казкі. На вуліцы была навальніца. Як толькі загрымела паблізу, бацька сказаў: «Гэта Бог бочкі з вадой па небе качае». — «Адзін?» — запытаўся я, і пачуў: «Не! Яму дапамагаюць нашы дзяды, якія цяпер на небе жывуць!» І сёння, чуючы гром, я думаў пра бацьку, які дапамагае Богу качаць бочкі з вадой.