Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 48

Віктар Шніп

***

19.01.2016. Гуляю па Мухлі з сабачкай Міёнай. Убачыўшы мяне, падышоў Граждан: «Я тут на выхадныя ў вёску павязу сваю сабаку вешаць. Магу і тваю павесіць за кампанію...»

***

20.01.2016. Над зімнім вячэрнім горадам вышчарбленая поўня, як чэрап беднага Ёрыка.

***

23.01.2016. Удзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У Вішнева выехалі ад Чырвонага касцёла ў дзевяць гадзін раніцы. Даехалі хутка. У вялікім аўтобусе было амаль поўна людзей. З іх знаёмыя — Ірына Багдановіч і Алесь Пушкін. Я сядзеў з Алесем Квяткоўскім, які ў падарунак Музею Уладзіслава Чарняўскага падрыхтаваў карціну з выявай святара.

У касцёл прыйшло і прыехала шмат народу. Пакуль чакалі пачатку малітвы, мне здавалася, што яе будзе весці сам ксёндз Чарняўскі...

Мароз градусаў пад дваццаць. З каплічкі цячэ крыніца. Папіў вады. Цёплая...

Да канца малітвы з Алесем Квяткоўскім не былі. Пайшлі ў Вішнеўскі дом культуры. Ішлі доўга. Чамусьці ўявілася, што мы з Алесем партызаны, якія прыйшлі ў мястэчка, каб паглядзець, ці ёсць тут немцы. Немцаў няма. Усе свае людзі...

Пастаялі каля хаты, дзе нарадзіўся Шымон Перас. Узгадалася Алесева карціна, на якой наш славуты зямляк сядзіць каля студні. Студня, дарэчы, стаіць у двары сядзібы.

У Доме культуры мяне з Алесем сустрэлі наша валожынская паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч і дзяўчаты-зямлячкі, якія працуюць у бібліятэцы. Нас тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі печывам. Мы, ачуняўшы ад марозу, пайшлі паглядзелі Музеі Уладзіслава Чарняўскага і Шымона Пераса. У музеі ксяндза ёсць здымак, на якім я з Уладзіславам Чарняўскім і пляменніцай Янкі Купалы Ядвігай Раманоўскай. Пра існаванне гэтага здымка я не ведаў. Яму гадоў пад трыццаць.

У зале, дзе праходзіла ўрачыстае мерапрыемства да 100-годдзя Уладзіслава Чарняўскага, поўна народу. Многія стаялі, бо не было вольных месцаў, каб сесці. З Маладзечна прыехаў Міхась Казлоўскі з сябрамі. На жаль, не змаглі пагаварыць...

Хораша выступіў пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Я занатаваў з яго выступлення некалькі радкоў. Сярод іх: «Біблія — гэта кветка ўсіх народаў...»

У сваім выступленні Уладзімір Гілеп узгадаў пра сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна, да якога ён неяк прыйшоў, каб пагаварыць па справах. Прыйшоў, а Кузьміна няма. Ад сакратаркі Уладзімір Аляксандравіч даведаўся, што Кузьмін паехаў у Вішнева да ксяндза Чарняўскага. Пра што яны маглі гаварыць? Гілеп выказаў меркаванне, што ксёндз і сакратар ЦК гаварылі пра веру і культуру.

Фэлік Янушкевіч узгадаў пачатак 90-х, калі ўпершыню ў Мінску на вуліцы каля касцёла Святога Роха была беларускамоўная імша. Яе правёў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.

Па дарозе з Мінска ў Вільню ўсе касцёлы былі апаганены камуністамі і толькі касцёл у Вішневе заставаўся святым месцам для ўсіх...

Фэлік Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні і подпісы, каб ксяндза Уладзіслава Чарняўскага залічылі да ліку святых. Першымі ў вялікім тоўстым сшытку паставілі свае подпісы святары. Спіс подпісаў ад прысутных у зале распачалі Фэлік Янушкевіч, Алесь Пушкін, Алесь Квяткоўскі і я...