Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 23
Віктар Шніп
як на краі свету
слухае песні-жальбы
адзінокіх зорак
якія падаючы ў золата лістоты
абуджаюць сонца
што заглядваючы і ў наша аконца
і ў нашы сэрцы
асвятляе шлях у Беларусь
пра якую марыў Якуб Колас
***
5.11.2015. З дачкой Івана Навуменкі Валерыяй і Аксанай Спрынчан ездзіў у Рэчыцу на прэзентацыю пятага тома Збору твораў Івана Навуменкі.
Ідучы на вуліцу Карла Маркса, дзе жыў пісьменнік і чакаў кіроўца аўтамабіля Уладзімір, зайшоў у царкву. Зірнуў у кашалёк. Там драбяза і дзвесце тысяч адной купюрай. «Усе грошы выскраб з кашалька!» — сказала прадавачка, калі я папрасіў дзве свечкі, падаючы ёй драбязу.
Наша дарога да Рэчыцы была праз восеньскае золата.
Праз паўтары гадзіны спыніліся папіць гарбаты. Каля бензакалонкі хадзілі два сабакі. Адзін чорны, а другі руды. Чорнаму пашанцавала. Аксана аддала яму сваю канапку.
У Рэчыцы хвілін дваццаць шукалі бібліятэку, што на вуліцы Савецкай. Літаратуразнаўца Іван Штэйнер час ад часу тлумачыў нам па мабільніку, як да іх даехаць. Крыху паблукалі, але затое паглядзелі горад.
Прэзентацыю пачала загадчыца бібліятэкі Тамара Фёдараўна. Здаецца, і не шмат мы вуступалі, але незаўважна праляцелі амаль паўтары гадзіны. Прыемна было бачыць, як з любоўю землякі Івана Навуменкі адносяцца да свайго знакамітага земляка. Праўда, вуліцы Івана Навуменкі ў Рэчыцы няма.
Пасля прэзентацыі з’ездзілі на могілкі ў Гарошкаў, дзе пахаваны Анатоль Сыс. Разам з намі былі карэспандэнт раённай газеты і Іван Штэйнер. На могілках ціха і амаль усё ў залатым лісці. Могілкі, як Сысаў Храм.
Пакланіліся Анатолю і яго родным. Паглядзелі з краю могілак на лагчавіну, дзе цёк Днепр і ў якім купаўся паэт. Сумна. Але сум светлы, як лістота на бярозах, што выраслі на старым рэчышчы.
З’ездзілі да роднай хаты Анатоля Сыса. Якраз дома была ягоная сястра Тамара. Я ўжо даўно не быў у хаце, але Тамара мяне пазнала. На паліцах стаяць кніжкі, якія купляў і чытаў Анатоль. На сценах фотаздымкі і карціны. На століках выданні, дзе друкаваліся творы Сыса і ўспаміны пра яго. Хата ператварылася ў музей Паэта.
Ліпу, што ля хаты, збіраюцца зразаць, бо вялізарнае карэнне бурыць падмурак і можа разваліць будынак.
У двары ходзяць куры і каты. Адзін чорны, а другі шэры. На яблынях сямтам яблыкі, як восеньскія ліхтарыкі.
У вялікім сшытку наведвальнікі роднай хаты Анатоля Сыса пішуць пажаданні Сысу. Многія пішуць, звяртаючыся да Анатоля, як да жывога...
Вяртаючыся ў Рэчыцу, зазірнулі ў школу, дзе вучыўся Анатоль. Якраз быў дырэктар, які, пасля таго, як Аксану і мяне карэспандэнт раёнкі прадставіў, хуценька знайшоў ключы ад школьнага музея і павёў нас на другі паверх. Праўда, даведаўшыся, хто мы, сказаў напаўжартам: «Вы б нам новыя вокны прывезлі з Мінска!»
Школьны музей сціплы. Месца для Анатоля Сыса не ў закутку. Адчуваецца, што людзі тут разумеюць, хто такі Сыс. «Мы Анатоля цэнім! Ён жа наш вучань. Некаторыя ягоныя аднакласнікі ў нашай школе працуюць!» — развітваючыся, сказаў дырэктар школы.
Вяртаючыся ў Мінск, мы з Аксанай заснулі і праспалі разам кіламетраў пяцьдзясят.
***
7.11.2015. Удалечы чорнае дрэва, як трэшчына на небакраі...