Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 39

Тор Хейердал

Прэзідэнт ведаў па-англійску ў два разы больш, чым я па-іспанску; пасля таго як мы абмяняліся прывітаннямі і ён жэстам запрасіў мяне сесці, наш сумесны запас слоў быў вычарпаны. Знакамі і жэстамі можна сказаць шмат што, але нельга з іх дапамогай атрымаць дазвол на будаўніцтва плыта ў перуанскім ваенным порце. Я здагадаўся, што прэзідэнт мяне не разумее, а сам ён здагадаўся аб гэтым яшчэ раней, бо праз некаторы час ён выйшаў, а потым вярнуўся ў суправаджэнні міністра авіяцыі. Міністр авіяцыі генерал Рэверэда быў энергічны, атлетычнага складу мужчына ў форме ваенна-паветраных сіл з крыльцамі на грудзях. Ён добра гаварыў па-англійску з амерыканскім акцэнтам.

Я папрасіў прабачыць мне за непаразуменне і сказаў, што хацеў бы, каб мне далі дазвол прайсці не на аэрадром, а ў ваенны порт. Генерал засмяяўся і растлумачыў, што яго запрасілі сюды толькі як перакладчыка. Крок за крокам мая тэорыя была выкладзена прэзідэнту, які ўважліва слухаў і задаваў пры дапамозе генерала Рэверэда слушныя пытанні. Пад канец ён сказаў:

— Калі існуе думка, што астравы Ціхага акіяна былі ўпершыню адкрыты людзьмі з Перу, то Перу зацікаўлена ў гэтай экспедыцыі. Скажыце, чым мы можам вам дапамагчы.

Я папрасіў выдзеліць нам месца на тэрыторыі ваеннага порта для будаўніцтва плыта, даць нам магчымасць карыстацца флоцкімі майстэрнямі, забяспечыць памяшканнем, дзе мы маглі б захоўваць рыштунак, і даць дазвол на ўвоз яго ў краіну, дазволіць карыстацца сухім докам і паслугамі рабочых порта для дапамогі нам у рабоце, а таксама даць судна, якое адбуксіравала б нас ад берага. калі мы рушым у дарогу.

— Чаго ён просіць? — нецярпліва спытаў прэзідэнт такім тонам, што нават я зразумеў.

— Нічога асаблівага, — коратка адказаў Рэверэда. I прэзідэнт, задаволены такім адказам, кіўнуў у знак згоды.

Перш чым аудыенцыя была закончана, Рэверэда паабяцаў, што міністр замежных спраў атрымае асабістае ўказанне ад прэзідэнта, а марскому міністру Ніета будзе дадзена поўная свабода дзеянняў для аказання нам неабходнай дапамогі.