Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 36

Тор Хейердал

Джунглі стаялі суцэльнай сцяной уздоўж абодвух берагоў; папугаі і іншыя птушкі з яркім апярэннем выпырхвалі з густой лістоты, калі мы праплывалі міма. Некалькі разоў мы бачылі, як пры нашым набліжэнні то тут, то там кідаўся ў раку алігатар і адразу знікаў у каламутнай вадзе. Неўзабаве, між іншым, мы ўбачылі яшчэ больш цікавую пачвару. Гэта была ігуана, або гіганцкая яшчарка велічынёй з кракадзіла, але з вялікім гарлавым мяшком і грэбенем уздоўж спіны. Яна драмала на гліністым беразе, быццам спала тут з дагістарычных часоў, і не паварушылася, калі мы бясшумна праплылі паўз яе. Весляры рабілі нам знакі, каб мы не стралялі. Праз некаторы час мы ўбачылі другую ігуану, амаль з метр даўжынёю. Яна ўцякала па тоўстым суку, які звешваўся над самым плытом. Апынуўшыся ў бяспечным месцы, ігуана спынілася, ззяючы на сонцы сваёй сіне-зялёнай скурай, і ўтаропілася на нас халоднымі змяінымі вачыма. Потым мы плылі міма зарослага папараццю ўзгорка, і на яго вяршыні ўбачылі яшчэ адну ігуану, самую вялікую з усіх. Нерухома стоячы з узнятымі грудзьмі і галавой, яна вырысоўвалася на фоне неба, нагадваючы высечаны з каменя сілуэт паласатага дракона. Яна нават не павярнула галавы, калі мы міналі ўзгорак, а пасля знікла ў джунглях.

Плывучы далей, мы адчулі пах дыму і ўбачылі на прагалінах уздоўж берага некалькі хацін з саламянымі стрэхамі. За нашым плытом пільна сачылі, стоячы на беразе, злавесныя з выгляду людзі, вычварная помесь індзейцаў, неграў і іспанцаў. Іхнія лодкі, вялізныя выдаўбаныя чаўны, ляжалі на беразе, перакуленыя дагары дном.

Калі настаў час абеду, мы падмянілі нашых прыяцеляў ля рулявых вёслаў, пакуль тыя смажылі рыбу і плады хлебнага дрэва на невялікім агні, раскладзеным на пласце мокрай гліны. Смажаныя кураняты, яйкі і трапічная садавіна таксама ўваходзілі ў наша меню. А плыт тым часам шпарка плыў і плыў, несучы нас праз джунглі да акіяна. Якая нам цяпер справа да таго, што дажджы затапілі ўсю краіну? Чым большыя дажджы, тым шпарчэй цячэ рака.

Калі цемра ахутала раку, на беразе пачаўся аглушальны канцэрт. Жабы і рапухі, маскіты і цвыркуны квакалі, гулі і стракаталі, нібы шматгалосы хор. Час-ад-часу ў цемры чуўся прарэзлівы віск дзікай кошкі, то тут, то там пішчалі спуджаныя са сваіх месц начнымі марадзёрамі джунгляў птушкі. Некалькі разоў мы бачылі цьмянае святло агню ў хацінах лясных жыхароў і чулі крыкі людзей і брэх сабак, калі мы праплывалі ў цемры міма. Але часцей за ўсё цішыня ночы парушалася толькі лясным канцэртам, і мы моўчкі сядзелі, любуючыся зорным небам, пакуль дрымота і дождж не загналі нас у каюту з лісця, дзе мы палеглі спаць, не забыўшы папярэдне паставіць на баявы ўзвод рэвальверы.

Чым далей плылі мы ўніз па рацэ, тым часцей трапляліся нам хаціны і плантацыі туземцаў, і неўзабаве з абодвух бакоў на берагах з’явіліся сапраўдныя вёскі. Рух на рацэ падтрымліваўся тут з дапамогай чаўноў, на якіх плылі, адпіхваючыся доўгімі жэрдкамі; тут і там мы бачылі маленькія бальзавыя плыты, нагружаныя кучамі зялёных бананаў.