Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 21

Тор Хейердал

Якраз у гэтыя дні ў Вашынгтон прыехаў новы памочнік нарвежскага ваеннага аташэ. Я выконваў абавязкі яго намесніка, калі ён камандаваў ротай у Фінмаркене, і ведаў, што гэта быў «агнявы смерч», які з шалёнай энергіяй хапаўся за вырашэнне любой задачы, пастаўленай перад ім. Б’ёрн Рорхалт належаў да таго тыпу людзей, якія проста не ведаюць, што ім рабіць, калі, закончыўшы адну цяжкую справу, яны не бяруцца адразу ж за новую.

Я абмаляваў яму ў пісьме наша становішча і папрасіў яго пусціць у ход свой тонкі нюх і разведаць, ці не знойдзецца ў кіраўніцтве забеспячэння амерыканскай арміі які-небудзь чалавек, з кім можна было б наладзіць сувязь. Шанцы на поспех заключаліся ў тым, што ваенная лабараторыя распраноўвала новыя палявыя рацыёны, якія мы маглі б выпрабаваць гэтак жа, як мы збіраліся выпрабаваць рыштунак для лабараторыі ваенна-паветраных сіл.

Праз два дні Б’ёрн пазваніў нам па тэлефоне з Вашынгтона. Ён пагаварыў у аддзеле знешніх сувязей амерыканскага ваеннага міністэрства, і там былі не супроць таго, каб даведацца, у чым справа. З першым поездам Герман і я выехалі ў Вашынгтон.

Мы засталі Б’ёрна ў яго кабінеце ў ваеннай місіі.

— Думаю, што ўсё будзе ў парадку, — сказаў ён. — Нас прымуць у аддзеле знешніх сувязей заўтра, як толькі мы будзем мець адпаведнае пісьмо ад палкоўніка.

«Палкоўнік» — гэта быў Ота Мунтэ-Кос, нарвежскі ваенны аташэ.

Даведаўшыся, у чым справа, ён паставіўся да нас вельмі добразычліва і ахвотна згадзіўся даць патрэбнае рэкамендацыйнае пісьмо.

Калі назаўтра раніцай мы прыйшлі па пісьмо, ён раптам падняўся з-за стала і сказаў, што, бадай, будзе лепей паехаць разам з намі яму самому. У аўтамабілі палкоўніка мы пакацілі да Пентагона, самага вялікага будынка на свеце, дзе знаходзяцца кіраўніцтвы ваеннага міністэрства. Палкоўнік і Б’ёрн у поўнай параднай форме сядзелі наперадзе, а Герман і я прымасціліся ззаду і пазіралі праз пярэднюю шыбу на вялізны гмах Пентагона, што ўзвышаўся на плошчы перад намі. Гэты грандыёзны будынак з трыццаццю тысячамі чыноўнікаў і з дваццаццю шасцю кіламетрамі калідораў павінен быў з’явіцца месцам маючай адбыцца «нарады па пытанню адносна плыта» з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ваеннага міністэрства. Ніколі ні дагэтуль, ні потым не здаваўся Герману і мне наш плыт такім безнадзейна маленькім.

Пасля бясконцых вандраванняў па лесвіцах і калідорах мы дабраліся да дзвярэй аддзела знешніх сувязей і неўзабаве, акружаныя афіцэрамі ў новенькай, з іголачкі, форме, сядзелі за вялікім сталом з чырвонага дрэва; месца старшыні займаў сам начальнік аддзела знешніх сувязей.