Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 18

Тор Хейердал

Мы падвялі яго да вялікай карты, што вісела на сцяне, і расказалі аб нашым плане пераплыць Ціхі акіян на індзейскім плыце. Ён шырока расплюшчыў свае блакітныя, як у хлапчука, вочы, якія ад гэтага зрабіліся зусім круглымі, і ўвесь час скуб сябе за бараду, слухаючы, што мы гаворым. Потым ён тупнуў сваёй драўлянай нагой аб падлогу і тужэй зацягнуў рэмень.

— Тысяча чарцей! Я хацеў бы, хлопчыкі, рушыць разам з вамі!

Стары падарожнік па Грэнландыі наліў нам па куфлю піва і пачаў расказваць пра сваю веру ў судны першабытных народаў, у здольнасць гэтых людзей перасоўвацца па сушы і па моры, прыстасоўваючыся да прыродных умоў. Яму самому даводзілася спускацца на плыце па вялікіх сібірскіх рэках і, плаваючы на караблі ўздоўж арктычных берагоў, цягнуць на буксіры плыты мясцовых жыхароў. Расказваючы, ён тузаў сябе за бараду і пад канец запэўніў нас, што мы будзем мець ад нашага падарожжа вялікую прыемнасць.

Дзякуючы гарачай падтрымцы Фрэйхена справа закруцілася з шалёнай хуткасцю, і неўзабаве аб ёй загаварыў скандынаўскі друк. Ужо назаўтра раніцай пачуўся моцны стук у дзверы майго пакоя ў Доме маракоў. Мяне клікалі да тэлефона ў ніжні калідор. У выніку гэтай размовы ў той жа вечар Герман і я пазванілі ля пад’езду аднаго з дамоў у фешэнебельным квартале Нью-Йорка. Нас сустрэў шыкоўна апрануты малады чалавек у лакіраваных дамашніх пантофлях і шаўковым халаце, надзетым на сіні касцюм. З першага погляду, калі ён, прытульваючы да носа надушаную хустачку, прасіў прабачэння за сваю прастуду, можна было падумаць, што гэта нейкі пястун. Але мы ведалі, што гэты хлапчына праславіўся ў Амерыцы сваімі подзвігамі як лётчык у час вайны. Апрача нашага ўвесь час спакойнага з выгляду гаспадара, там былі яшчэ два энергічныя маладыя журналісты, ахопленыя прагай дзеяння і поўныя розных ідэй. Аднаго з іх мы ведалі як таленавітага карэспандэнта.

За пляшкай добрага віскі гаспадар растлумачыў, што зацікавіўся нашай экспедыцыяй. Ён прапанаваў знайсці для нас неабходныя сродкі пры ўмове, што мы дадзім згоду пісаць аб падарожжы ў газеты, а вярнуўшыся, зробім паездку па розных гарадах з лекцыямі. Пад канец сустрэчы мы дамовіліся і выпілі за паспяховае супрацоўніцтва паміж тымі, хто фінансуе экспедыцыю, і тымі, хто ўдзельнічае ў ёй. Цяпер усе эканамічныя праблемы павінны былі вырашыцца; імі зоймуцца нашы кампаньёны, а мы можам больш не турбавацца. Герман і я павінны зараз жа распачаць падбор экіпажа і неабходнага рыштунку, пабудаваць плыт і рушыць у дарогу да таго, як настане перыяд штормаў.

На другі дзень Герман звольніўся з работы, і мы сур’ёзна ўзяліся за справу. З дапамогай Клуба падарожнікаў я паспеў ужо атрымаць згоду даследчай лабараторыі матэрыяльнай часткі ваенна-паветранных сіл забяспечыць нас усім, што я папрашу; кіраўнікі лабараторыі лічылі, што такая экспедыцыя, як наша, цудоўна паслужыць выпрабаванню іх рыштунку. Гэта быў добры пачатак. Цяпер нашы галоўныя задачы заключаліся ў тым, каб знайсці чатырох адпаведных людзей, гатовых выбрацца ў падарожжа з намі на плыце, і расстарацца харчу на ўсю дарогу.