Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 15

Тор Хейердал

— Я ўжо больш не магу чакаць, — у мяне хутка не застанецца ні цэнта.

— Вы можаце пераехаць да нас. Калі вы ўжо загаварылі аб гэтым, дык як вы мяркуеце арганізаваць экспедыцыю з Паўднёвай Амерыкі без грошай?

— Лягчэй зацікавіць экспедыцыяй, чым непрачытаным рукапісам.

— Але што гэта вам можа даць?

— Абвяржэнне аднаго з самых моцных аргументаў супроць маёй тэорыі, не кажучы ўжо аб тым, што ў навуковых колах звернуць увагу на гэтую справу.

— А калі ваша задума скончыцца кепска?

— Тады я нічога не дакажу.

— I тады вы скампраметуеце вашу ўласную тэорыю ў вачах усіх, ці ж не так?

— Магчыма. Але, як вы самі сказалі, адна з дзесяці спроб удавалася і да нас.

З дому выйшлі дзеці, каб пагуляць у кракет, і ў той дзень мы больш не вярталіся да гэтага пытання.

У наступную суботу я зноў з’явіўся ў Осінінг з картай пад пахай. А калі я ад’язджаў, на карце была нанесена алоўкам доўгая лінія ад берагоў Перу да астравоў Туамоту ў Ціхім акіяне. Мой сябар капітан страціў надзею адгаварыць мяне, і мы прасядзелі некалькі гадзін, робячы разлікі магчымай хуткасці руху плыта.

— Дзевяноста сем дзён, — сказаў Вільгельм, — але памятайце, што гэта толькі пры тэарэтычных, ідэальных умовах, калі ўвесь час будзе спадарожны вецер і плыт сапраўды, як вы думаеце, можа плыць пад парусам. Вы павінны разлічваць, што падарожжа будзе працягвацца не менш чым чатыры месяцы, і быць гатовымі да таго, што яно, магчыма, не скончыцца так хутка.

— Добра, — з надзеяй на будучае адказаў я, — будзем разлічваць сама менш на чатыры месяцы і закончым плаванне за дзевяноста сем дзён.

Маленькі пакойчык у Доме маракоў, як мне здалося, стаў куды больш утульным, чым звычайна, калі я ў гэты вечар вярнуўся дадому і з картай у руках сеў на краі ложка. Я вымераў крокамі плошчу пакоя з дакладнасцю, якая была толькі магчыма, калі ўлічыць, што тут стаялі ложак і камода. О так, плыт павінен быць значна большым. Я высунуўся праз акно, каб зірнуць на далёкае зорнае неба вялікага горада, якое можна было ўбачыць толькі проста над галавой між высокімі сценамі дамоў. На плыце хоць і будзе цесна, але ўсё ж знойдзецца дастаткова прастору для таго, каб бачыць над сабой неба з усімі зоркамі.

На 72-й заходняй вуліцы, недалёка ад Цэнтральнага парку, размешчан адзін з самых адасобленых нью-йоркскіх клубаў. Толькі маленькая, начышчаная да бляску медная дошчачка з надпісам «Клуб падарожнікаў» магла намякнуць прахожым, што ў гэтым доме знаходзіцца нешта незвычайнае. Але, апынуўшыся ўсярэдзіне, вы нібы рабілі парашутны скачок у нейкі зусім іншы свет, што знаходзіцца за тысячы міль ад нью-йоркскіх небаскробаў і бясконцых патокаў аўтамабіляў між імі. Калі за вамі зачыняюцца дзверы ў Нью-Йорк, вы трапляеце ў атмасферу палявання на ільвоў, альпійскіх паходаў і палярных зімовак і ў той жа час адчуваеце сябе так, быццам знаходзіцеся ў салоне раскошнай яхты, якая робіць кругасветнае плаванне. Трафеі палявання на гіпапатамаў і аленяў, наразныя карабіны, іклы сланоў, ваенныя барабаны і коп’і, індзейскія дываны, ідалы і мадэлі караблёў, флагі, фатаграфіі і карты акружаюць членаў клуба, калі яны збіраюцца за абедам або слухаюць лекцыю аб далёкіх краінах.