Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 139

Тор Хейердал

— Нічога не будзе.

Я і сам адчуваў сябе збітым з панталыку. Паколькі верхавіна мачты ўсё больш і больш нахілялася над правым бортам, я вісеў ужо за плытом на слаба напятай вяроўцы. Насоўвалася наступная хваля. Калі яна прайшла, я адчуў сябе страшэнна стомленым, і ў мяне было адно жаданне: залезці на бярвенні і легчы за барыкадай. Калі зваротная хваля адкацілася, я першы раз убачыў аголены зубчасты чырвоны рыф пад намі і заўважыў, што Тарстэйн, сагнуўшыся папалам, стаіць на бліскучых чырвоных каралах і трымаецца за пучок абарваных вяровак, што звісалі з мачты. Кнут, які стаяў на карме, збіраўся таксама саскочыць на рыф. Я закрычаў, што ўсе павінны заставацца на бярвеннях, і Тарстэйн, якога змыла за борт напорам вады, спрытна, нібы кот, скочыў назад на плыт.

Яшчэ дзве ці тры хвалі пракаціліся над намі, але яны былі не такія вялікія. Што тады адбывалася, я не ведаю; я памятаю толькі, што вада, пенячыся, налятала і адступала, а я сам апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй да чырвонага рыфа, на якім мы заселі. Потым да нас пачалі далятаць толькі насычаныя салёнымі пырскамі вірлівыя грабяні пены, і я здолеў нават ускарабкацца на плыт; там мы ўсе перайшлі на кармавы канец бярвенняў, які вышэй, чым астатнія, тырчаў над рыфам.

У гэты момант Кнут сагнуўся і, трымаючы ў руцэ канец вяроўкі, якая ляжала на карме, скочыў на рыф. Пакуль зваротная хваля адступала, ён прабег, прыгнуўшыся, метраў трыццаць па рыфу і спакойна стаяў, трымаючыся за канец вяроўкі, калі наступная хваля з пенай кінулася да яго, разбілася і шырокім патокам адкацілася назад ад плоскага рыфа.

Потым з напаўразбуранай каюты выпаўз Эрык, чаравікі былі на ім. Калі б усе зрабілі так, як ён, мы не зазналі б такіх пакут. Паколькі каюту не знесла за борт, а толькі прыціснула і амаль расплюшчыла пад брызентамі, што закрывалі яе зверху, Эрык спакойна ляжаў, выцягнуўшыся сярод грузу; ён чуў, як над ім раз-по-раз грукаталі аглушальныя раскаты, і бачыў, як прыгіналіся ўніз паламаныя бамбукавыя сцены. Калі ўпала мачта, Бенгт атрымаў лёгкае зрушэнне мазгоў, але яму ўдалося запаўзці ў разбураную каюту і прылегчы ля Эрыка. Нам усім трэба было ляжаць там, калі б мы маглі загадзя ведаць, як моцна будуць трымацца шматлікія вяроўкі і бамбукавыя пляцёнкі, прыціснутыя ад асноўных бярвенняў напорам вады.

Эрык стаяў напагатове на кармавых бярвеннях, і, калі хваля адкацілася, ён падскочыў і таксам.а перабраўся на рыф. Цяпер была чарга Германа, потым Бенгта. Кожны раз плыт падштурхвала крышку далей, і калі прыйшла чарга Тарстэйна і мая, плыт ужо так моцна сядзеў на рыфах, што не было патрэбы зараз жа пакідаць яго. Усе распачалі выратавальныя работы.

Мы цяпер знаходзіліся за два дзесяткі метраў ад таго праклятага выступу рыфа, каля якога і за якім разбіваліся доўгія валы бурунаў, што каціліся адзін за другім. Каралавыя паліпы паклапаціліся аб тым, каб пабудаваць атол такім высокім, што толькі самыя верхавінкі бурунаў маглі пералятаць паўз нас і папаўняць свежай марской вадой багатую на рыбу лагуну. Тут, з унутранага боку рыфа, было царства каралаў, і яны вызначаліся самай дзівоснай формай і афарбоўкай.