Читать «Планета людзей» онлайн - страница 20

Антуан дэ Сент-Экзюперы

— Навальніца?

Ён кіўнуў. Трэск разрадаў перашкаджаў яму.

Вось радыст накрэсліў некалькі неразборлівых значкоў. Потым словы. І ўжо можна разабраць тэкст:

«Блакіраваны над ураганам, вышыня тры тысячы восемсот. Ідзём прама на захад, углыб мацерыка, бо нас аднесла да мора. Пад намі суцэльная воблачнасць. Не ведаем, над морам мы яшчэ ці не. Паведамце, як глыбока распаўсюдзілася бура».

Каб перадаць гэтую радыёграму ў Буэнас-Айрэс, давялося з-за навальніцы перадаваць яе па ланцужку, ад станцыі да станцыі. Пасланне прабілася ў начы, як вартаўнічы агонь ад вышкі да вышкі.

Буэнас-Айрэс распарадзіўся адказаць:

— Бура над усім мацерыком. Колькі ў вас засталося бензіну?

— На паўгадзіны.

І гэтая фраза — ад дзяжурнага да дзяжурнага — дасягнула Буэнас-Айрэса.

Экіпаж быў прыгавораны: меней чым праз трыццаць хвілін ён нырне ў цыклон, які панясе яго да зямлі.

XVIII

А Рыўер у роздуме. Болей не застаецца ніякай надзеі: экіпаж загіне дзесьці ў ночы.

Рыўеру прыгадваецца адно відовішча, якое страшэнна ўразіла яго ў дзяцінстве: з сажалкі спускалі ваду, каб знайсці цела тапельца… І экіпаж таксама не будзе знойдзены да той пары, пакуль не схлыне з зямлі гэты акіян цемрадзі, пакуль зноў не акрэсляцца ў дзённым святле пяскі, даліны, жытнёвыя нівы. Магчыма, простыя сяляне напаткаюць дваіх дзяцей, што будуць як быццам спаць, прыкрыўшы твар рукамі, у травах і золаце мірнага дня. Але яны мёртвыя — ноч ужо заспала іх.

Рыўер думае пра скарбы, пахаваныя ў глыбінях ночы, як у казачных морах… Начныя яблыні прагна чакаюць зары, чакаюць усім сваім цветам, якому яшчэ не давялося раскрыцца. Ноч багатая, поўная водараў, сонных ягнятак, поўная кветак, яшчэ пазбаўленых фарбаў…

XIX

Рабіно парушыў самоту Рыўера:

— Месье дырэктар, я падумаў… Можа, варта ўсё-такі паспрабаваць…

У Рабіно не мелася ніякіх прапаноў; ён проста хацеў засведчыць сваю добрую волю. Ён быў бы шчаслівы знайсці нейкае выйсце, і ён шукаў яго, як разгадку рэбуса. Але звычайна выходзіла так, што Рыўер і слухаць не хацеў інспектарскіх меркаванняў. «Ці бачыце, Рабіно, у жыцці няма гатовых рашэнняў. Але ёсць дзейныя сілы. Іх трэба стварыць, тады з'явяцца і рашэнні». І Рабіно мусіў абмежавацца роллю творцы дзейнай сілы сярод саслоўя механікаў. Сілы, вартай жалю, якая аберагала ад іржаўчыны ўтулкі вінтоў.

А перад падзеямі цяперашняй ночы Рабіно апынуўся бяззбройны. Яго інспектарскае званне не давала яму, аказваецца, ніякай улады над бурамі і над прывідным экіпажам, які, сапраўды, змагаўся цяпер ужо зусім не дзеля прэміі за дакладнасць — экіпаж цяпер імкнуўся пазбегнуць таго адзінага спагнання, якое знімала ўсе спагнанні, накладзеныя інспектарам Рабіно, — пазбегнуць смерці.

І нікому не патрэбны Рабіно бязмэтна туляўся з пакоя ў пакой.

Фаб'енава жонка папрасіла далажыць пра яе. У пакутлівай трывозе яна сядзела ў пакоі ў сакратароў і чакала, калі Рыўер прыме яе. Сакратары потайкам паглядвалі на яе. Гэта бянтэжыла яе, яна баязліва азіралася. Усё тут здавалася ёй варожым: і гэтыя людзі, якія, быццам пераступіўшы цераз труп, прадаўжалі займацца сваімі справамі, і гэтыя папкі, дзе ад чалавечага жыцця, ад чалавечых пакут застаўся толькі радок чэрствых лічбаў. Яна спрабавала адшукаць хоць што-небудзь, што сказала б ёй пра Фаб'ена…