Читать «Планета людзей» онлайн - страница 19

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Але пілот гэтак згаладаўся па святлу, што не ўстояў перад спакусай.

XVI

Ён падняўся. Цяпер дзякуючы зорным арыенцірам стала трошкі лягчэй спраўляцца з гайданкай. Прамяністы магніт зор прыцягвае да сябе. Пілог знясілеў у доўгай пагоні за святлом! Ён цяпер нізавошта не пойдзе ўпрочкі ад самай цьмянай іскрынкі. Агеньчык якой-небудзь карчмы здаўся б Фаб'ену зараз гэткім скарбам, што ён да скону кружыўся б вакол гэтага жаданага знака.

І вось ён узносіцца да светлых палёў.

Паднімаецца паволі, па спіралі, быццам узбіраючыся ўгору па шахце студні, якая адразу ж замыкаецца пад ім. І з цягам таго, як Фаб'ен паднімаецца, хмары страчваюць свой брудны колер, яны плывуць насустрач, як хвалі, і робяцца ўсё чысцейшыя, усё бялейшыя. І вось Фаб'ен вырываецца з воблачнасці.

Ён бясконца ўражаны, аслеплены неспадзяванымі патокамі святла. Ён змушаны на некалькі секунд заплюшчыць вочы. Ён ніколі не паверыў бы, што начныя аблокі могуць быць такія асляпляльна яркія. Поўня і бляск мноства сузор'яў ператварылі іх у прамяністыя хвалі.

Адным рыўком вынырнуўшы з хмар, самалёт у той жа міг апынуўся ў царстве неймавернага спакою. Сюды не даходзіла ніводная хвалечка. Нібы лодка, што прамінула мол, самалёт зайшоў у прытульныя воды. Ён быццам кідае якар у невядомым куточку мора, у лагоднай бухце зачараваных астравоў. Унізе, пад самалётам, шалее ўраган; там зусім іншы свет, тоўшча ў тры тысячы метраў, працятая шквальнымі вятрамі, вадзянымі смерчамі, маланкамі; але гэты свет урагану паварочвае да зор твар з крышталю і снегу.

Фаб'ену мроіцца, што ён дасягнуў прыстворку раю: усё заззяла — рукі, адзенне, крылы самалёта. Святло зыходзіць не ад зор, яно плешча знізу, яно навокал, яно крынічыць з гэтых белых гурбаў.

Хмары, якія пластаюцца пад самалётам, люструюць увесь снежны бляск, атрыманы імі ад поўні. Яны зіхацяць, праменяцца і справа, і злева, высокія, як вежы. Экіпаж купаецца ў малочнай плыні святла. Абярнуўшыся, Фаб'ен бачыць, як усміхаецца бортрадыст.

— Гэта ўжо лепш! — крычыць радыст.

Але ягоны голас патанае ў шуме палёту, і адзінай сувяззю паміж імі застаюцца ўсмешкі. «Я сапраўды з глузду з'ехаў, — думае Фаб'ен, — я ўсміхаюся… А мы ж прапалі».

Але ўсё-такі тысячы цёмных рук выпусцілі іх. З Фаб'ена знялі вяроўкі, як з вязня, якому дазволена трошкі пагуляць у самоце сярод кветак.

«Занадта хрраша», — думае Фаб'ен. Ён блукае паміж зор, якія насыпаны густа, як залатыя манеты скарбу; ён блукае ў свеце, дзе, апрача яго, Фаб'ена, і яго таварыша, няма ніводнай жывой істоты. Бы той злодзей з даўняй казкі, яны замураваны ў скарбніцу, з якой ім ужо ніколі не выбрацца. Яны блукаюць сярод ледзяных россыпаў каштоўнага камення — бязмежна багатыя, але прыгавораныя.

XVII

Адзін з радыётэлеграфістаў патагонскага аэрадрома Камадора-Рывадавія зрабіў раптам рэзкі рух рукой, і адразу ўсе тыя, хто, пакутуючы ад бяссілля, нёс гэтай ноччу вахту на радыёстанцыі, абступілі яго, схіліліся над яго сталом.

Яны схіліліся над ярка асветленым лістком чыстай паперы. Рука радыста яшчэ вагалася ў нерашучасці, яна яшчэ трымала ў палоне запаветныя літары, але пальцы ўжо трымцелі, аловак пакалыхваўся.