Читать «Паром на бурнай рацэ» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

- Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, - адвучвацца нельга.

Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шула карту і здалёк паказаў яе Юрыю.

- Ат, глупства, - пагардліва сказаў Леановіч.

- Нічога не разумею, - сказаў Гораў, - звычайны туз... Жалудовы.

- А вы паглядзіце лепей, - раўнадушна сказаў капітан.

Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.

Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.

- Капітан, - сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.

- Лухта, - сказаў капітан, - хадзем лепей вып'ем...

...Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.

На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.

Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».

На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.

Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.

- Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі - арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.

Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.

А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.

- Сёння я нап'юся, - вельмі сур'ёзна сказаў ён.

Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.

Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.

Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. І Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.

Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. І таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.