Читать «Паром на бурнай рацэ» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.
- Гэй, Ванька!
І вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. І лікуе, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. І ліпы! І Арбат! І цудоўныя асабнячкі... І Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы...
- Гэта вы? Божа мой, як я рада!
І зноў - занадта паспешліва - апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. І Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.
- Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.
Яна ўсміхаецца. І цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! І цішыня, цішыня ў шатах ліп. Цішыня.
Стрэл.
Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які - д'ябал ведае нашто - выпер акурат на дарозе. І адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.
- Сымон, давай карту.
Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю згледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.
Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся - нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, - і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.
Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шула.
Афіцэр стрэліў апошні раз і павярнуўся:
- А-а, камрад... Да зброі, вісусы-гусары...
Горава які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. І яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.
Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:
- Шпагаю тут адзін... падурэў. Штафедрон.
- Ну і што? - спытаў тады Гораў.
- Паспадзяваўся занадта на французскую школу, - з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, - у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку - і не толькі ў палку - брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.