Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"Абяцаюць нам новы раскошны дом..." 

Абяцаюць нам новы раскошны дом, Але тут нам жыць і канаць, Тут пад кожным навекі здабытым бугром Нашы продкі забітыя спяць. Яны аддалі нам меч і касу, Слова з вуснаў, цяпер нямых... І нам немагчыма пайсці адсюль І пакінуць са смерцю іх.

Паэт 

Брусок спявае ціхую малітву, Ды зрэдку іскру кіне над сабой - Пакуль нажы не зазвіняць у бітве І шаблі горда не ўзнясуцца ў бой. Няма ў яго ні вастрыя, ні джала, Патрэбен ён хіба сярпам крывым, Пакуль у похвах спяць усе кінжалы, Усе нажы, наточаныя ім. І на папрок, чаму не йдзе ён біцца Чаму ён не падобны да мяча, Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы, Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час. Але ж, узяты у баі няроўным, Палонны нож - як спынены парыў - Хіба сказаў даспехам у катоўні, Які брусок і дзе яго вастрыў? Маўчаў, як нож. Маўчаў, як крыж на полі, Бо ведаў ён няпісаны закон: Спявае нож у час вайны за волю, Брусок - у рабства час спявае ён. Калі ж залье крывёй радзімы пожні, І пойдзе гнеў да эшафотных стром, І зломіцца аб сталь кінжал апошні - Ну што ж? Тады ўжо можна і бруском.

Мова

Праваслаўны або каталіцкі, Ці які там твой будзе парог, - Яе разам з матчынай цыцкаю Даў табе ў твае вусны бог. Пі. І ведай: гіне ў пракляццях І з дзярма павек не ўстае Той, хто выплюнуў цыцку маці Або злосна ўкусіў яе. І на іншых вяршынях суровых (Вера! Роўнасць! Свабода! Край!) Ты струменьчык матчынай мовы,  Быццам маці, не забывай. Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці Ты без сонца будзеш канаць... Шмат прыўкрасных грудзей на свеце, Ды не ўспоіць цябе ні адна... Сярод іншых святынь неаджыўшых Даў яе нам на кожны парог, Твар да нас, - усялякіх, - схіліўшы З невымернаю літасцю бог.

Афiцэру Лiсаневiчу 

Яму прапанавалі выклікаць на дуэль Лермантава. Мы нічога болей не ведаем аб ім.

"Добра... Я ведаю, што да чаго... Што такое дзярмо і кроў. Але што вы?! Узняць руку на яго?! Ды лепей ужо... на цара свайго! Ды лепей на ўсіх... Так, на ўсіх... цароў. Я яго не люблю... Вы сказалі: "Гадзёныш..." Але вы, калі праўды тут трохі й ёсць, Пашукайце іншых, Ад моху зялёных, Што ўздымуць руку на сваю маладосць. Вы там можаце мне балбатаць аб годнасці, Абяцаць... ( - вашу маць!.. - )... кайданы не куць... Ды на Слова Народа, на Сэрца народа Не ўздыму я ніколі сваю руку. А вы там можаце... хай сабе плазам, А мне пакіньце мой эскадрон..." І гэтай ганьбай, І гэтым адказам Ў гісторыі Людства застаўся ён. Зразумейце: ўсяго не ўзнялася рука. Усяго - на сорам пайшоў. А пасля? Пасля ён смерці шукаў І, можа, недзе знайшоў.