Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 28

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Паэма пра явар i калiну

Трубяць трубы ў Гародні, Прагнуць мячы крыві... Збірае войска магутнае Князь Гародні - Давід:  - Абрыдлі зямлі нашай крыкі, Крыжакаў расціснем у блін! Хадзем, зямля Беларуская, Хадзем вайною вялікай! Хадзем, Народ беларускі, На Мар'енбург і Берлін!!! Досыць ім нашага раю! Не дазволім нас болей крануць!!! Конь басуе, іграе, Зямлю капытамі крае, Зоры вачыма лічыць, Вушамі - чуе вайну. Збіраюцца тысячы вояў. І Яну трэба ісці... Латы светлыя, добрая зброя - Што яшчэ патрэбна ў жыцці?! А нічога! Хіба што праклёны, Ды яшчэ каб даўжэй пражыць. Бязлітаснай чорнай варонай На ганку маці стаіць:  - Ян! Запомні! Немцы І прусы... (А як прыйдуць, то зноў заб'юць)... У няроўным баі яны мову душылі, У няроўным баі твайго бацьку забілі І зямлю спалілі тваю. І прусы - Няхай пад прымусам (Кляты, рабскі народ!) Зрабілі табе, беларусу, Найгоршую з горшых шкод. Яны спалілі Айчыну. І ты з імі тое ж зрабі. Дзіця... Старога... Жанчыну... Дань не бяры... Забі!!! О вялікая, лютая сеча! (Што каму да жаночых слёз?) Над поплавам мокрым пад вечар Пыл стаяў да нябёс. Мужчыны забітыя... Прусак і нямкінь у распетлях вялі... Край загінуў. І зaмкі іхнія, І палацы дымам пайшлі. Замкі - хай... А нашто ж адрыны?.. Трубы вояў плачуць наўзрыд. Паміж яварам і калінай Сядзіць Вялікі Давід. Вакол - вялізная світа І ні лапічка свежай травы. І латы яго пабітыя, І на твары - дым баявы:  - Яне! Прасі чаго можаш! Ты ў ворага славу адняў, Ты прабіўся праз строй варожы, Ты - магістра зваліў з каня. Ты - Зламіў таму быдлу шыю, То прасі хоць свет у мяне.  - Княжа... Мне паланянку... Марыю... Яна... пакахала мяне.  - Хочаш - золата колькі важыш? Ці бурштынаў, каб аж скамянець?  - Княжа... Мне паланянку... Марыю... Яна... пакахала мяне.  - Хлопча!!! Аб'еўся блёкату!?! Немец з прусам кроў нашу п'е... Яна пруска! Балтка! Рабыня!  - Княжа, я кахаю яе.  - Д-добра, бяры яе ў жонкі, - Ўсё ж паправа для нашых ніў. І адсек ён галіну явару, І каліны цвет абламіў.  - Бяры, калі так кахаеш... Чагосьці я добры цяпер? Толькі ведай: такое - навекі. Кінеш - то лепей бы ўмер. Кахай да апошняга ўздыху, Кахай да ліхога канца. Толькі вось што... Хочаш не хочаш А матцы дашлі ганца. Бо яшчэ прыпасе табе вілы, Бо яшчэ глядзіш - і канец!.. На апошніх канёвых жылах У двор уварваўся ганец.  - Пруска?!? Яны пад прымусам (Кляты, рабскі народ!) Зрабілі нам, беларусам, Найгоршыя з горшых шкод. І няхай яны знікнуць знічкаю... І няхай... І тады яна Атруту, чорны дурнічнік Распусціла ў чашы віна. Ян вёз, Асцярожна трымаючы Пад грудзі магутнай рукой. Конь ступаў, нібы нёс паміраючым Чашу з крынічнай вадой. Прыскакалі. Вояў калона Па шляху паўзе, як ніць... На гульбішчы чорнай варонай Няўмольная маці стаіць. А яны - як светлая мара, А яны - як вясны яснацвет. На кальчузе - галінка явару, На шнуроўцы - калінавы цвет.  - Маці, я дужа кахаю. Гэта вечная радасць мая. Палюбі, як неба кахаеш, Палюбі, як кахаю я. У нянавісці неба згарае, Пасвіць воўк чараду авец. Конь басуе... іграе... Зямлю капытамі крае, Зоры вачыма лічыць, Чуе вушамі - канец.  - Піце на хмель і на руту, Піце, дзеці мае. (Падае Марыі атруту, Яну - віно падае.)  - Тут твой дом, бузіна ля парога, Тут прабабкі часалі руно... Проста каню пад ногі Сын вылівае віно.  - Марыя! Віно, і світанне, І апошні смяротны ўздых, І шчасце адно, і каханне. Пі палову майго кахання. Астатняе я... Каханне. І сонца адно нам, Каханне, І Зямля адна на дваіх. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . І... зямля... адна на дваіх. Не паспелі схапіцца другі, Маці вей не паспела ўзняць: Ледзь паспелі схапіць яго слугі, Калі ён валіўся з каня. Скамянела маці:  - Што ж, людзі. Гэта лёс. Падрыхтуйце ім дом Ля царквы. Дзеля Яна - пад правым. Дзеля дзеўкі - пад левым крылом. Вінен сам. Забыўся, ануча, Пад чыёй рукою ляглі Бацька, друзі, браты, таварышы На праклятай, На спаленай гэтай зямлі. І хай вам не будзе агульным Ані жыта, ні сінь ільноў, І ложак не будзе агульным, І зямля вам не будзе адной. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . На магіле Марыі каліна Ў кроплях вясёлкавых слёз, А на магіле сына Явар магутны ўзрос. Дні ішлі... А дрэвы віліся Паміж тысячаў дрэў жывых, І галінамі моцна спляліся Над страхой заімшэлай царквы. Данеслі. І маці з'явілася, І вочы ёй плач спапяліў:  - Пэўна, дзесь мае дзеці Ў вялікім каханні жылі. Жылі, жылі, весяліліся, Шумелі вясной маладой... Цераз царкву сашчапіліся Божа!!! Божа ты мой!!! Што казаць аб магіле трэцяй?! Мала тых магіл на зямлі?! Але разам - праз храмы, Войны, Дзяржавы, Наветы, Праз нянавісць - Галіны яны сплялі. І канец паэмы журботнай, Так журботнай, што плача сусвет, Пра магутны і горды явар. Пра каліны ласкавы цвет.