Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім...
Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.
Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..
Агата (хрысцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсвентшая!
Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны... (Заглядзеўшыся ўдаль.) Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста - жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?
Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.
Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, - я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося.
Агата. А ўсё ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
Паўлінка. Бо... бо Якім з мужыкоў...
З'ява XII
Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь.
Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
Сцяпан (уваходзячы ў хату, а за ім Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэт-кую яшчэ цемру.
Агата (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваёй хаце!
Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.
Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае). Вось я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай... гэтай...
З'ява XIII
Тыя ж і Альжбета.
Альжбета (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, - пэўна, там; гэта ж ёй не першыня.