Читать «Паўлінка» онлайн

Янка Купала

Янка Купала

Паўлінка

Камедыя ў двух актах

Асобы

Сцяпан Крыніцкі - засцянковы шляхціц, 45 г.

Альжбета - яго жонка, 40 г.

Паўлінка - дачка Крыніцкіх, 19 г.

Пранцісь Пустарэвіч - сваяк Крыніцкіх, 50 г.

Агата - яго жонка, 43 г.

Якім Сарока - настаўнік, 25 г.

Адольф Быкоўскі - 24 г.

Госці, музыкі.

Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.

Акт першы

Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом - вісячая недарагая лямпа, на сцяне - абразы. Налева - дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра - куфар. Напроці - сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі - ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева - у кутку - печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі, з гірамі гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Час - асенні вечар перад Пакровамі.

З'ява I

Паўлінка адна.

Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі - у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона - Паўлінка пяе.

Паўлінка.

Ой, пайду я лугам, лугам, Дзе мой мілы арэ плугам; Ой, пайду я лугам, лугам! Ён арэ поле валамі, А я плачу ўсё слязамі; Ён арэ поле валамі.

(Перастаўшы пець.)

Э-э! штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)

Дый чаго ж ты, дуб зялёны, Пахінаешся? Дый чаго ж ты, мой міленькі, Задумляешся?

(Пеючы, падыходзіць да акна і паглядае, пасля зноў садзіцца.)

А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заўтра Пакровы... у Міхалішках кірмаш... Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)

Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаі! Селі яны, палі, ваду замуцілі Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі. Бадай тыя гусі марне запрапалі, Як мы любіліся - цяпер перасталі.

(Паглядзеўшы ў акно.)

Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. З таго часу як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усё роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата - дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я - сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці - маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы...» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна ён!