Читать «Зброя» онлайн - страница 5
Уладзімір Караткевіч
Кроў, прынамсі, пяцідзесяці чалавек на руках. То якія такія «вышэйшыя меркаванні», якая «высакароднасць мэты» можа абяліць такога, можа перашкодзіць назваць яго сапраўдным імем «злачынцы супраць чалавека» і «забойцы»?!
«Чаго мая нага хоча». І людзі так баяцца вось такога, што адзін, невінаваты, ад удару памёр, калі выклікалі. А ён дачцэ даў пісьмовы дазвол другі раз выйсці замуж, не разводзячыся з першым мужам. Ледзь не ўцягнуў Расею ў канфлікт з Грэцыяй: палічыў грэчаскага консула ў поўнай форме за шталмейстара і цыркача Сулье, які хадзіў у расшытым золатам турэцкім мундзіры і напярэдадні прасіў у Закрэўскага аб дазволе на выступленні. А палічыўшы, крыкнуў консулу (бо спяшаўся на вялікі пажар, аматарам якіх быў):
— Пляши, сукин сын, скачи, прыгай! Разрешаю, так твою и разэтак!
Дорага ж каштавалі гэтай няшчаснай Маскве гады яго адміністрацыйнага захаплення. Расперазаўся, сатрап. Наконт рэформы толькі й сказаў: «У Пецярбургу глупствы задумалі».
— Ваш рамізнік едзе, — сказаў купец.
Са снегавой сеткі набліжаўся экіпаж. На шчасце, не калібер, а першагатунковыя сані з запонай і верхам. І фурман сыты і гожы сабою — не «ванька» ў дрэнным армяку. Каптан — навенечкі, збруя — з бляшкамі, пара коней — сытыя.
— Ну вось, — сказаў стары. — Цяпер і мая чарга.
— Вы адкуль жа?
— Рагожскі… З Малай Андроньеўскай.
Алеся нібы нешта штурхнула. Рагожскія палясціны, але не каля самой заставы, адкуль гоняць кайданнікаў. Бліжэй, калі ўжо так, не да Рагожскай, а да Пакроўскай заставы… Як зручна было б… Воўк ніколі не рабуе ля свайго логава. А тут і Камер — Калежскі вал, мяжа горада.
— Па старому сагласію жывяцё? — спытаў ён.
— Дрэўлепрэпраслаўленыя, — трохі цішэй сказаў стары. — Па рагожскіх могілках.
— І, напэўна, не новаблаславенныя.
Стары апусціў быў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Алеся.
— Свяшчэнства ад ніканіян не прыемлем.
Калі да гэтага Алесь і сумняваўся, то цяпер усім сумненням прыйшоў канец. Асцярожнасць — асцярожнасцю, а гэта быў такі ўдалы выпадак, што трэба было рызыкаваць. Таму што нікуды не варты той ігрок, які не ўмее без роздуму схапіць за шкірку выпадковасць. На Рагожскай не было прышлага элемента, туды ніколі не пускалі чужых. Гэты тугі і горды свет выштурхваў з сябе ўсіх не сваіх, як ртуць выштурхвае жалеза: «Не лезь, не тачыся, у нас свой нораў, свой побыт, свае звычаі».
І ў гэтай гордай незалежнасці гэтыя мужыкі, гэтыя купцы, то бок таксама ўчарашнія мужыкі, чымсьці нагадвалі найбольш старазаветную частку Алесевага кола. Няхай сабе закарэласць, няхай дзікая коснасць — гэтыя людзі былі пакрыўджаныя, а значыць, былі ў чымсьці — браты.
Не скарыстаешся — другога выпадку можа не быць.
— Што ж ты стаіш, Кірдун, — сказаў Алесь. — Уладкуй там кофр ягонага сцяпенства.
Кірдун зірнуў на яго здзіўлена, але, прывучаны, нічога не сказаў. Ён ведаў, Алесь надумае лепей за яго.
— Што ж гэта вы, бацюхна, — сказаў купец. — Мяне?
— Чаго ж вы будзеце тут мокнуць. І так палову гадзіны стаялі.
Ён ужо сядзеў пад верхам. Купец, спяшаючыся, каб хаця часам не раздумалі, палез на суседняе месца.