Читать «Зброя» онлайн - страница 4
Уладзімір Караткевіч
Уздыхнуў:
— А брук наш. Гэта ж нешта немагчымае. Бруд, пыл, ямы, ухабы. Людзі рукі ломяць, экіпажы развальваюцца, коні калечацца. Не брук, а кара ягіпецкая! За грахі гэта нашы спаслаў Пан Бог.
— Гэта ж справа начальства.
— І начальства — за грахі, — упэўнена сказаў стары. — Племя гэтае антыхрыставае.
Азірнуўся і кашлянуў.
— Тры гады таму галоўнага антыхрыста збылі. Генерал-губернатара Закрэўскага. Ледзь дажыліся. Вышэй закона божага сябе ставіў. Вусны апаганьваў плашчаднай лаянкай.
Замоўк. Алесь стаяў і думаў. Ён цудоўна ведаў усё, аб чым казаў купец, але сябе не выдаваў, хацеў мець выгляд правінцыяла.
Ён думаў аб тым, што, калі паўстанне пераможа, калі яно перакінецца і сюды, гэты самы Закрэўскі, нягледзячы на тое,што яму семдзесят пяць і ён чалавек адстаўны, будзе ў ліку першых кандыдатаў на шыбеніцу або — наўрад ці паўстанне захоча запэцкаць рукі аб поскудзь — на вечнае выгнанне за мяжу.
Гэты — варты. Сатрап маскоўскага вілайета. Дурны, грубы, як усе яны, артадаксальны і ардынарны, упэўнены ў сваёй бяскарнасці, пыхаты, як свіння, малаадукаваны і малапісьменны парвеню. Тып з кругаглядам вучня прыходскай ці кантанісцкай школы, які з таго часу так нічаму і не навучыўся. Такі самы гараднічы, як і ягоны патрон, здохлы капрал Мікола. З верху і да нізу — усе аднолькавыя. Накшталт таго гараднічага, які ў Кінешме паказваў аднаму «змагару за праўду» сагнутую руку: «Закон?! Хрэна табе, а не закон! Вось ён у мяне дзе! Мяне сюды анпіратар паставіў, сам цар, а цар вышэйшы за закон. Значыць, і я вышэйшы за закон!» Усё ў такіх проста. Закон — на паперы. Адказ — толькі перад асобай самога гасудара. Падсуднасць — лухта. Нездарма цар, прызначаючы Закрэўскага ў Маскву, даў яму неабмежаваныя паўнамоцтвы, што датычыцца асабістай недатыкальнасці грамадзян.
«Закон — не абавязковы для кожнага. Закон — пудзіла для народа».
А шкада, што паўстанне не будзе пэцкаць рукі! Шкада! Кожны з такіх павінен чакаць адплаты — толькі гэта іх і можа стрымаць: веданне, што нават пасля смерці іхнія косткі з магілы выкінуць.
Сорак год назад пачаў кар'еру з таго, што загадаў адхвастаць аднаго гарадскога галаву. Нават цар не ўхваліў. А потым пачалося вугорскае паўстанне.
…Так, яго прызначылі ў Маскву якраз у сорак восьмым — памяць не падводзіць. Як божы пярун на нявінныя гурткі асвечаных і ў меру вальнадумных цялятак.
— Распусціліся. Франдуюць. Трэба падцягнуць… Ведаю, буду за Закрэўскім, як за каменным мурам.
Так сказаў цар. І меў рацыю. За адзінаццаць год не было бадай ніводнага абывацеля (з тых, хто не належаў да эліты), які выйшаў бы ад графа без распяканцыі з памінавеннем бацькоў і асабліва роднай матухны.
Выкліча, морыць ледзь не цэлы дзень у прыёмнай, а потым накінецца адразу, не слухаючы ніякіх апраўданняў, лічачы, што абвінавачванне ўжо даведзена, і, ніколі бадай не выслухаўшы, — прысуд. Высакародных — цераз вуліцу, у Цвярскі ўчастковы дом, а там і далей, у Волагду ці Каргапаль.