Читать «Вайна сусветаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Герберт Уэллс

Тады я быў дома i пiсаў у сваiм кабiнеце; i хоць маё акно выходзiла на Отэршоў i штора была падцягнута (я любiў глядзець у начное неба), я нiчога не заўважыў. Аднак гэты метэарыт, самы незвычайны з усiх, што калi-небудзь падалi на Зямлю з сусветнай прасторы, павiнен быў упасцi, калi я сядзеў за сталом, i я мог бы яго ўбачыць, калi б паглядзеў у неба. Некаторыя з тых, хто бачыў яго палёт, кажуць, што ён ляцеў са свiстам, але сам я гэтага не чуў. Многiя жыхары Беркшыра, Сэрэя i Мiдлсэкса бачылi яго падзенне i амаль не думалi, што ўпаў новы метэарыт. Гэтай ноччу, мабыць, нiхто не пацiкавiўся масай, якая ўпала.

Бедалага Оджылвi, якi назiраў за метэарытамi, быў перакананы, што ён упаў дзе-небудзь на пустцы памiж Хорсэлам, Отэршоў i Ўокiнгам, прачнуўся рана i адправiўся на пошукi. Ужо развiднела, калi ён знайшоў метэарыт непадалёк ад пясчанага кар'ера. Ён убачыў гiганцкую яму ад падзення метэарыта, кучы пяску i жвiру, што грувасцiлiся сярод верасу i былi вiдаць за паўтары мiлi. Верас загарэўся i тлеў; празрасты блакiтны дымок клубiўся на фоне ранiшняга неба.

Нябеснае цела рухнула ў пясок, сярод раскiданых трэсак раструшчанай iм пры падзеннi хвоi. Вонкавая частка была падобна на агромнiсты абгарэлы цылiндр; яго абрысы былi нябачныя з-за тоўстага слою цёмнага нагару. Цылiндр быў каля трыццацi ярдаў у дыяметры. Оджылвi наблiзiўся да гэтай касы, здзiўлены яе аб'ёмам i асаблiва формай, бо звычайна метэарыты бываюць больш або менш шарападобныя. Але цылiндр быў так моцна распалены ад палёту ў паветры, што да яго нельга было блiзка падысцi. Лёгкi шум унутры цылiндра Оджылвi ўспрымаў як вынiк нераўнамернага ахалоджвання яго паверхнi. Тады ён не мог i падумаць, што цылiндр можа быць пусты.

Оджылвi стаяў на ўскрайку ямы, здзiўлены незвычайнай формай i колерам цылiндра, спакваля здагадваючыся аб яго прызначэннi. Ранiца была нязвыкла цiхая; сонца, якое толькi што асвяцiла сасновы лес каля Ўэйбрыджа, ужо прыгравала. Оджылвi гаварыў, што ён не чуў птушынага спеву той ранiцай, не было нiякага ветрыку i толькi з пакрытага нагарам цылiндра даносiлiся якiясьцi гукi. Пустка была бязлюдная.

Раптам ён са здзiўленнем заўважыў, што слой нагару на цылiндры пачаў адвальвацца з верхняга яго краю. Кусочкi шлаку падалi на пясок, нiбы камякi снегу цi кроплi дажджу. Нечакана адвалiўся i з шумам упаў вялiкi кусок; Оджылвi непрытворна спалохаўся.

Нiчога не падазраваючы, ён спусцiўся ў яму i, нягледзячы на моцную гарачыню, наблiзiўся ўшчыльную да цылiндра, каб лепш разгледзець яго. Астраном усё яшчэ думаў, што незвычайнае вiдовiшча выклiкана ахаладжэннем цела, але гэтаму пярэчыў той факт, што нагар падаў толькi з краю цылiндра.