Читать «Вайна сусветаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Герберт Уэллс

Оджылвi гэтай ноччу выказваў розныя згадкi наконт умоў жыцця на Марсе i высмейваў вульгарную гiпотэзу аб тым, што яго насельнiкi падаюць нам сiгналы. Ён меркаваў, што на планету пасыпаўся цэлы град метэарытаў або што там адбываецца агромнiстае вулканiчнае вывяржэнне. Ён даказваў мне, наколькi малаверагодна, каб эвалюцыя арганiзмаў праходзiла аднолькава на дзвюх, хай сабе i блiзкiх планетах.

- Адзiн шанс супраць мiльёна за тое, што на Марсе ёсць жыццё, - сказаў ён.

Кожны раз апоўначы сотнi назiральнiкаў бачылi полымя, у гэту i наступныя дзесяць начэй - па адной успышцы. Чаму выбухi скончылiся пасля дзесятай ночы, гэтага нiхто не спрабаваў растлумачыць. Магчыма, газ ад выстралаў прычыняў якiя-небудзь нязручнасцi марсiянам. Густыя клубы дыму цi пылу, убачаныя ў самым моцным тэлескопе ў выглядзе маленькiх шэрых з адлiвам плямаў мiгацелi ў чыстай атмасферы планеты i зацямнялi яе знаёмыя абрысы.

Нарэшце нават газеты загаварылi пра гэтыя вiдовiшчы, там-сям сталi паяўляцца заметкi пра вулканы на Марсе. Помнiцца, гумарыстычны часопiс "Панч" вельмi дасцiпна выкарыстаў гэта для палiтычнай карыкатуры. Памiж iншым нябачныя марсiянскiя снарады ляцелi да Зямлi праз бездань пустой прасторы з хуткасцю некалькiх мiляў у секунду, наблiжаючыся з кожным днём, з кожнай гадзiнай. Мне здаецца цяпер дзiкiм, як гэта людзi маглi займацца сваiмi дробязнымi справамi, калi над iмi ўжо навiсла згуба. Я помню, як радаваўся Маркхем, атрымаўшы новы фотаграфiчны здымак планеты для iлюстраванага часопiса, рэдагуемага тады iм. Людзi цяперашняга, больш позняга часу з цяжкасцю ўяўляюць сабе разнастайнасць i прадпрымальнасць часопiсаў у дзевятнаццатым веку. Я таксама тады з вялiкiм жаданнем вучыўся ездзiць на веласiпедзе i чытаў кiпу часопiсаў, у якiх абмяркоўвалася далейшае развiццё маральнасцi ў сувязi з прагрэсам цывiлiзацыi.

Аднойчы вечарам (першы снарад знаходзiўся тады за 10 мiльёнаў мiляў ад нас) я выйшаў разам з жонкай на прагулку. Неба было зорнае, i я растлумачыў ёй знакi Задыяка i паказаў на Марс, на яркi пункт святла каля зенiту, куды было скiравана столькi тэлескопаў. Вечар быў цёплы. Кампанiя экскурсантаў з Чэртсi цi Айлварта, вяртаючыся дамоў, прайшла мiма нас з песнямi i музыкай. У верхнiх вокнах дамоў свяцiлiся агнi, людзi клалiся спаць. Здалёку, з чыгуначнай станцыi даносiўся грукат манеўровых цягнiкоў; прыглушаны адлегласцю, гучаў ён амаль меладычна. Жонка звярнула маю ўвагу на чырвоныя i жоўтыя сiгнальныя агнi, што гарэлi на фоне начнога неба. Усё здавалася такiм спакойным i лагодным.

II

ПАДАЮЧАЯ ЗОРКА

Затым надышла ноч першай знiчкi. Яе ўбачылi на досвiтку; яна праносiлася над Вiнчэстэрам, на ўсход, вельмi высока, выкрэслiваючы вогненную лiнiю. Сотнi людзей бачылi яе i ўспрынялi за звычайную дагараючую зорку. Як апiсвае Элбiн, яна пакiдала за сабою зеленаватую паласу, якая гарэла некалькi секундаў. Дэнiнг, наш найвялiкшы аўтарытэт па метэарытах, сцвярджаў, што яна была бачнай ужо на адлегласцi дзевяноста цi ста мiляў. Яму падалося, што зорка ўпала на Зямлю прыкладна за сто мiляў на ўсход ад таго месца, дзе ён знаходзiўся.