Читать «Санэты (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Уильям Шекспир

Калi ж яно на небакрай зiрне, Стамлёна ў дол пакоцiць каляснiцу, Тады ўсе вочы недзе ў старане, Пакуль яму да захаду хiлiцца.

I ты без следу ў свеце знiкнеш так, Калi не застанецца сын-юнак.

8

У музыцы твая ўся асалода. Чаму ж яе ты слухаеш з тугой? Калi яна табе не даспадобы, Чаму не развiтаешся ты з ёй?

I хоць акорды жалем горкiм поўны, У iх сугучнасцi табе дакор: Хто без гармонii жыве чароўнай, Самотны той на ўвесь зямны прастор.

Ты чуў калi, як струны ў дружным ладзе У перазвон гудзяць адна другой? Так бацька з сынам, разам з iмi мацi Шчаслiвы спеў пяюць адной сям'ёй.

I сведчаць гукi шчырыя усiм: Самотны - як i не жывы зусiм.

9

Каб не пакiнуць любую ўдавой, Дагэтуль ты нi з кiм не заручоны. Калi ж бы смерць устала над табой, Апанаваў бы светам смутак чорны.

Свет плакаў бы, як удава, па тым, Што вобраз твой загiнуў беззваротна. Сын адлюстроўкам мог бы быць тваiм, Праз сына ты i быў бы бессмяротным.

Калi растрацiць скарбы хто усе, Другiя спажывуцца iхнiм коштам, А калi знiкнуць суджана красе, Яна ў нябыт адыдзе занiвошта.

Хто сам сабе гатоў прынесцi шкоду, Таму нiкога на зямлi не шкода.

10

Якая ганьба! Жыць i не любiць Людзей спагадных i сябе самога, Любоў да свету цэлага згубiць, Набыўшы ў сэрца пачуццё благога!..

Уласным ворагам сваiм ты стаў, Супроць сябе самога паўстаеш ты, I дом цудоўны, ў спадчыну што ўзяў, Не аднаўляеш, бурыш ты дарэшты.

Змянiся ты, i я змяню настрой, Краса каханню быць павiнна домам. Як з выгляду, будзь ветлы i душой, Не будзь ты ворагам сабе самому.

Краса твая зусiм са свету згiне, Як не пакiнеш нам яе ты ў сыне.

11

Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў Цераз дзяцей сваiх i з iх красою. Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў, Якую даў часiнай маладою.

Ёсць мудрасць, прыгажосць у думцы той. Без iх жа радасцi i шчасця мала: Калi б згадзiўся свет увесь з табой, Дык праз капу гадоў жыцця б не стала.

Няхай пачвары, вырадкi усе На свеце нашым згiнуць без расплоду. А ты, за ўсе дары тваёй красе, Павiнен шчыра дзякаваць прыроду.

Ты, як пячаць, што выразаў разьбяр, Павiнен шмат разоў вярнуць свой дар.

12

Калi гадзiннiк адбiвае час нам, А дзень вясёлы нiкне ў шэры змрок, Цi сiвiзну на чорных бачу пасмах, Фiялкi кволае панiклы зрок,

Калi пабачу дрэвы пры дарозе Ўсе без лiстоў, без засенi густой, Або пласты сухой травы на возе, Нядаўна што была жывой травой,

Тады цябе мiжвольна я згадаю: Тваёй красы не вечны такжа цвет. Адно жыве, другое памiрае, А трэцяе ў жыццё цярэбiць след.

Як стане смерць па-над табой з касой, Змагацца з ёй пачне нашчадак твой.

13

Каб мог ты вечна быць самiм сабою! Але жывеш на свеце да пары. Пакуль це стане смерць перад табою, Сабе падобны вобраз ты ствары.

Краса табе аддадзена на раты, Але i вечнай можа стаць, калi Твой вобраз будзе новым пераняты I будзе красаваць з iм на зямлi.

Хто дасць, каб дом цудоўны быў зруйнован Цi сцюжай смерцi, цi лiхой зiмой? Гаспадаром руплiвым апiльнован, Устоiць ён перад навалай злой.

Ты бацьку меў. Дазволь другому, мiлы, Сказаць такое ж ля тваёй магiлы.