Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

Жан Поль Сартр

- Займайся там, чым табе трэба, а я пакуль распрануся ў пакоi.

Люсьен вымыў ногi i падмыўся. Яму вельмi хацелася ў прыбiральню, але выйсцi ён чамусь пабаяўся i вырашыў памачыцца ў ракавiну. Потым ён надзеў начную сарочку, сунуў ногi ў пазычаныя яму маткай пантофлi (ягоныя ўжо зусiм прадзiравiлiся) i пастукаў у дзверы.

- Вы ўжо ўсё? - спытаў ён.

- Усё, усё, уваходзь.

Бержэр быў у чорным халаце, надзетым паверх нябесна-блакiтнай пiжамы. У пакоi пахла адэкалонам.

- А што, ложак толькi адзiн? - спытаўся Люсьен.

Бержэр не адказаў, ён здзiўлена ўтаропiўся на Люсьена i ўрэшце на ўвесь голас зарагатаў.

- Ну ты i абадранец! - усё яшчэ смеючыся, прамовiў ён. - Што гэта ў цябе за балахон? Во дзе ўмора, ты зiрнi на сябе!

- Я ўжо два гады прашу мацi, каб яна купiла пiжаму, - пакрыўджана азваўся Люсьен.

Бержэр ступiў да яго.

- Добра, скiдай усё гэта, - сказаў ён безапеляцыйным тонам. - Я пазычу табе адну сваю. Будзе, праўда, крыху завялiкая, але ўсё роўна - лепей, чым гэта.

Люсьен нерухома застыў пасярод пакоя, уперыўшыся вачыма ў чырвоныя i зялёныя ромбiкi на шпалерах. Яму хацелася вярнуцца назад, у ванную, але ён баяўся, што будзе выглядаць дурнем, i рэзкiм рухам сцягнуў сарочку цераз галаву. На хвiлiну запанавала маўчанне; Бержэр, усмiхаючыся, глядзеў на Люсьена, i той раптам сцямiў, што стаiць абсалютна голы пасярод пакоя i на нагах у яго матчыны пантофлi з пумпонамi; ён зiрнуў на свае рукi, вялiкiя рукi Рэмбо, i яму захацелася пакласцi iх на жывот, схаваць, прынамсi, гэтую штуку, але ён пераадолеў сябе i адважна сунуў рукi за спiну. На сценах, праз аднолькавыя iнтэрвалы, мiж двума шарочкамi ромбiкаў быў намаляваны фiялетавы квадрат.

- Далiбог, - нарэшце сказаў Бержэр, - ён цнатлiвы, як нявiнная дзева. Ану, зiрнi на сябе ў люстра, ты ж чырвоны па самыя вушы. I ўсё роўна так табе лепей, чым у тых лахманах.

- Угу, - сiламоц выцiснуў з сябе Люсьен, - але калi стаiш галяком, не вельмi ўдаецца захоўваць элегантны выгляд. - Дайце мне хутчэй пiжаму.

Бержэр кiнуў яму шаўковую пiжаму, ад якой пахла лавандай, i яны ляглi ў ложак. Запанавала цяжкая цiшыня.

- Паскудства, - сказаў Люсьен, - мяне нудзiць.

Бержэр не адказаў, i ў Люсьена раптам вырвалася адрыжка з прысмакам вiскi. "Ён хоча са мной пераспаць", - праплыло ў яго ў галаве. Ромбiкi на шпалерах пачалi круцiцца, i горла перахапiў задушлiвы водар адэкалону. "Не трэба было пагаджацца на гэту паездку". Апошнiм часам Люсьену нiяк не шанцавала, ужо разоў дваццаць ён быў зусiм блiзка, каб здагадацца, што ад яго хоча Бержэр, але кожны раз як знарок нешта здаралася i адцягвала яго думкi. I вось цяпер ён ляжаў з гэтым тыпам у адным ложку i чакаў, пакуль той дастане сваёй асалоды. "Зараз забяру сваю падушку i пайду спаць у ванную". Але ўявiўшы iранiчны Бержэраў позiрк, ён не асмелiўся i застаўся ляжаць. Раптам яго разабраў смех.