Читать «Шарманка (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Болеслав Прус

Пан Томаш нiколi не бачыў, каб гэтае дзiця спявала або бегала па пакоi, не бачыў нават усмешкi на бяскроўных вуснах i нерухомым твары.

"Дзiўнае дзiця!" - думаў мецэнат i пачаў прыглядацца больш уважлiва.

Аднойчы (гэта было ў нядзелю) ён заўважыў, што мацi дала дзяўчынцы малы букецiк. Тая крыху ажывiлася. Разбiрала, складала кветкi, цалавала iх. Нарэшце зноў звязала ў букецiк, паставiла ў шклянку з вадой i, сеўшы ў сваiм акне, сказала:

- Праўда, мама, што тут сумна?..

Пан Томаш абурыўся. Як можа быць сумна ў доме, у якiм ён столькi год пражыў у добрым настроi!

Потым неяк мецэнат вярнуўся ў свой кабiнет гадзiн каля чатырох. Сонца якраз свяцiла ў акно яго суседак, i грэла яно вельмi моцна. Пан Томаш зiрнуў у той бок i, вiдаць, заўважыў штосьцi незвычайнае, бо хуценька надзеў пенснэ.

Вось што ён заўважыў:

Худзенькая дзяўчынка, залажыўшы рукi за галаву, амаль дагары ляжала на падваконнi i... шырока адкрытымi вачыма глядзела проста на сонца. На тварыку яе, заўсёды такiм нерухомым, праяўлялiся нейкiя пачуццi: цi то радасць, цi то смутак...

- Яна сляпая! - шапнуў мецэнат, здымаючы пенснэ. У гэты момант яму ажно ў вачах закалола ад думкi, што нехта можа глядзець на сонца, якое дыхае жывым агнём.

I сапраўды, дзяўчынка два гады ўжо была сляпая. На шостым годзе яна захварэла на нейкую лiхаманку, тыдняў некалькi была непрытомная, а потым так знясiлела, што ляжала як мёртвая, не варушачыся i не гаворачы анi слова.

Яе паiлi вiном i булёнамi, i паступова яна ачуньвала. Але ў першы дзень, калi яе пасадзiлi на падушцы, малая спыталася ў мацi:

- Мама, гэта ўжо ноч?

- Не, дзiцятка... А чаму ты так кажаш?

Але дзяўчынка не адказала: ёй хацелася спаць. А назаўтра, калi апоўднi прыйшоў доктар, спыталася зноў:

- Гэта яшчэ ўсё ноч?..

Тады стала ясна, што дзяўчынка не бачыць. Доктар агледзеў яе вочы i зрабiў заключэнне, што трэба пачакаць.

Аднак, чым больш хворая дужэла, тым мацней непакоiлася сваiм калецтвам...

- Мама, чаму я цябе не бачу?..

- Вочкi табе засланiла. Але гэта пройдзе.

- Калi пройдзе?..

- Хутка.

- Можа, мамачка, заўтра?

- Дзён праз некалькi, дарагая.

- Калi гэта пройдзе, дык ты мне, мама, скажы. Бо вельмi ж сумна!..

У чаканнi праходзiлi днi i тыднi. Дзяўчынка пачала ўжо ўставаць з пасцелi. Навучылася вобмацкам хадзiць па пакоi; сама апраналася i распраналася, памаленьку ды асцярожна.

А зрок не вяртаўся.

Аднойчы яна сказала:

- Мама, праўда, што ў мяне блакiтная сукенка?

- Не, дачушка, у цябе шэрая.

- Ты бачыш яе?

- Бачу, мiлая.

- Так, як i ўдзень?

- Ага.

- Я таксама буду ўсё бачыць праз некалькi дзён?.. Не, можа, за месяц...

А таму, што мацi нiчога ёй не адказвала, малая гаварыла далей:

- Праўда, мама, што на дварэ ўвесь час дзень?.. А ў садзе - дрэвы, як i раней?.. Цi прыходзiць да нас белы коцiк, што з чорнымi лапамi?.. Праўда, мама, што я бачыла сама сябе ў люстры?.. Дзе тут люстра?..