Читать «Маўглi (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Редьярд Киплинг
- На сваiм двары кожны сабака брэша! Паглядзiм, што скажа Чарада наконт прыёмыша з чалавечага племенi! Дзiцяня маё, i рана цi позна я яго з'ем, о вы, даўгахвостыя зладзеi!
Мацi Ваўчыха, цяжка дыхаючы, кiнулася на зямлю каля сваiх ваўчанят, а Бацька Воўк сказаў ёй сурова:
- На гэты раз Шэр-Хан кажа праўду: дзiцяня трэба паказаць Чарадзе. Ты ўсё-такi хочаш пакiнуць яго сабе, Мацi?
- Пакiнуць сабе? - цяжка паводзячы бакамi, сказала Ваўчыха. - Яно прыйшло да нас зусiм голае, уночы, адно, i ўсё ж яно не баялася! Зiрнi, яно ўжо адпiхнула адно з маiх ваўчанят! Гэты кульгавы мяснiк забiў бы яго i ўцёк на Вайнгангу, а людзi ў адплату разбурылi б наша логава. Пакiнуць яго? Так, я яго пакiну. Ляжы цiха, жабянятка! О Маўглi - бо Жабяняткам Маўглi я назаву цябе, прыйдзе час, калi ты пачнеш паляваць на Шэр-Хана, як ён паляваў на цябе.
- Але што скажа наша Чарада? - спытаў Бацька Воўк.
Закон Джунгляў гаворыць вельмi ясна, што кожны воўк, пасля таго як завядзе сям'ю, можа пакiнуць сваю Чараду. Але як толькi яго ваўчаняты падрастуць i стануць на ногi, ён павiнен прывесцi iх на Раду Чарады, якая збiраецца звычайна раз у месяц, у час поўнi, i паказаць усiм астатнiм ваўкам. Пасля гэтага ваўчаняты могуць бегаць, дзе iм захочацца, i пакуль яны не забiлi свайго першага аленя, няма апраўдання таму з дарослых ваўкоў, якi заб'е ваўчаня. Кара за гэта - смерць, калi толькi зловяць забойцу. Падумай з хвiлiну, i ты сам зразумееш, што так i павiнна быць.
Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго ваўчаняты падраслi i пачалi бегаць, i ў адну з тых начэй, калi збiралася Чарада, павёў усiх ваўчанят, Маўглi i Мацi Ваўчыху на Скалу Рады. Гэта была вяршыня ўзгорка, усыпаная вялiкiмi валунамi, за якiмi магла схавацца цэлая сотня ваўкоў. Акела, вялiкi шэры воўк-адзiнец, абраны важаком усёй Чарады за сiлу i спрыт, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Пад скалой сядзела сорак з лiшнiм ваўкоў усiх узростаў i сама рознай масцi - ад сiвых, як барсукi, ветэранаў, што распраўлялiся адзiн на адзiн з буйвалам, да маладых чорных трацякоў, якiя ў думках лiчылi, што iм гэта таксама пад сiлу. Воўк-адзiнец ужо каля года быў iхнiм важаком. У юнацтве ён два разы трапляў у воўчую пастку, аднойчы людзi яго збiлi i кiнулi, бо парашылi, што ён здох, так што норавы i звычкi людзей былi яму знаёмыя. На Скале Рады амаль нiхто не размаўляў. Ваўчаняты кулялiся пасярэдзiне пляцоўкi, навокал сядзелi iхнiя бацькi i маткi. Час ад часу адзiн з дарослых ваўкоў нетаропка падымаўся, падыходзiў да якога-небудзь ваўчаняцi, пiльна глядзеў на яго i, бясшумна ступаючы, вяртаўся на сваё месца. Iншы раз мацi выпiхвала сваё ваўчаня на святло месяца, баючыся, што яго не заўважаць. Акела заклiкаў са свае скалы:
- Закон вам вядомы, закон вам вядомы! Глядзiце ж, о ваўкi!
I клапатлiвыя мацi падхоплiвалi:
- Глядзiце ж, глядзiце як след, о ваўкi!