Читать «Маўглi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Редьярд Киплинг
- Цi не перадаць яму вашу падзяку? - спытаў Табакi.
- Вон адсюль! - агрызнуўся Бацька Воўк. - Вон! Iдзi паляваць са сваiм панам! Досыць ты набаламуцiў сёння.
- Я пайду, - спакойна адказаў Табакi. - Вы i самi хутка пачуеце голас Шэр-Хана ўнiзе, у зараснiку. Дарэмна я турбаваўся перадаваць вам гэтую навiну.
Бацька Воўк натапырыў вушы: унiзе, у далiне, што збягала да маленькай рэчкi, пачуўся сухi, злосны, адрывiсты, тужлiвы рык тыгра, якi нiчога не злавiў i анi не саромеўся таго, што ўсе джунглi пра гэта ведаюць.
- Дурань, - сказаў Бацька Воўк. - Пачынаць гэткiм шумам начную работу! Няўжо ён думае, што нашы аленi падобны на тлустых буйвалаў з Вайнгангi?
- Ш-ш! Ён палюе сёння не на буйвала i не на аленя, - сказала Мацi Ваўчыха. - Ён палюе на чалавека.
Рык перайшоў у глухое бурчанне, якое чулася нiбыта з усiх бакоў адразу. Гэта быў той рык, якi палохае дрывасекаў i цыганоў, што начуюць пад голым небам, а iншы раз прымушае iх бегчы проста ў лапы тыгру.
- На чалавека! - сказаў Бацька Воўк i выскалiў белыя зубы. - Хiба мала жукоў i жаб у сажалках, што яму спатрэбiлася есцi чалавечыну, ды яшчэ на нашай зямлi?
Закон Джунгляў, загады якога заўсёды на чым-небудзь грунтуюцца, дазваляе звярам паляваць на чалавека толькi тады, калi яны вучаць сваiх дзiцянят забiваць. Але i тады зверу няможна забiваць чалавека ў тых мясцiнах, дзе палюе яго зграя або племя. Услед за забойствам чалавека з'яўляюцца рана цi позна белыя людзi на сланах, са стрэльбамi i сотнi смуглых людзей з гонгамi, ракетамi i факеламi. I тады кепска даводзiцца ўсiм жыхарам джунгляў. А звяры кажуць, што чалавек - сама слабая i безабаронная з усiх жывых iстот i чапаць яго - ганьба для паляўнiчага. Яны гавораць таксама - i гэта праўда, - што людаеды з цягам часу паршывеюць i ў iх выпадаюць зубы.
Бурчанне ўзмацнiлася i закончылася грамавым "а-а-а!" тыгра, гатовага да скачка.
Потым пачулася выццё, не падобнае на тыгравае, - выццё Шэр-Хана.
- Ён прамахнуўся, - сказала Мацi Ваўчыха. - Чаму?
Бацька Воўк адбегся на некалькi крокаў ад пячоры i пачуў раззлаваны рык Шэр-Хана, якi варочаўся ў кустах.
- Гэты дурань апёк сабе лапы. I хапiла ж розуму скакаць у вогнiшча дрывасека! - чмыхнуў Бацька Воўк. - I Табакi з iм.
- Нехта падымаецца на гару, - сказала Мацi Ваўчыха, варухнуўшы адным вухам. - Падрыхтуйся.
Кусты ў гушчары злёгку зашамацелi, Бацька Воўк прысеў на заднiя лапы, гатовы скокнуць. I тут калi б вы назiралi за iм, дык убачылi б сама незвычайнае на свеце - як воўк спынiўся на сярэдзiне скачка. Ён кiнуўся ўперад, калi яшчэ не бачыў, на што кiдаецца, а потым крута спынiўся. Выйшла так, што ён падскочыў угору на чатыры цi пяць футаў i сеў на тое ж месца, дзе адарваўся ад зямлi.
- Чалавек! -агрызнуўся ён. - Чалавечае дзiцяня! Глядзi!
Проста перад iм, трымаючыся за адну з нiжэйшых галiнак, стаяла голенькае смуглае дзiця, якое, вiдаць, толькi што навучылася хадзiць, - мяккае, усё ў ямачках, маленечкi жывы камячок. Такое маленечкае дзiця яшчэ нi разу не заглядвала ў ваўчынае логава начною парой. Яно зiрнула ў вочы Бацьку Ваўку i засмяялася.