Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Василий Головачев
Грэхаў цяпер ведаў, што з таго часу, як Тартар быў адкрыты, мiнула больш за год, але па-сапраўднаму вывучыць чужы свет за гэткi кароткi тэрмiн людзi не змаглi: не шмат чаго ўбачыш з тысячакiламетровых арбiт, аўтаматы ж, акрамя вымярэння асноўных фiзiчных параметраў планеты, нiчога больш не ўмелi. Да асэнсавання жыцця Тартара патрэбны былi працяглыя назiраннi, назiраннi прамыя i без пасрэднiкаў. Праўда, спробы гэтыя пакуль у большасцi заканчвалiся выратаваўчымi аперацыямi накшталт гэтай. Хiба што меншага маштабу.
Шэсць сутак назад, калi Грэхаў яшчэ блукаў па Лесе Журбы на Чары, група вучоных i камунiкатараў у колькасцi сарака шасцi чалавек накiравалася на ТФ-зоркалёце да аднаго з Гарадоў, найбольш загадкавых аб'ектаў Тартара, для дэталёвых даследаванняў. I вось ужо шэсць сутак залар з раёна пасадкi чуецца рэзкi голас аўтамата: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, доўгi скрыгат, трэск i зноў: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, скрыгат - i так без канца. Шэсць сутак запар людзi на Станцыi спрабуюць з дапамогай зондаў i тэлеробатаў разгледзець, што здарылася з караблём, спрабуюць, але беспаспяхова, наладзiць з iм сувязь. Здалёку калона карабля здаецца непашкоджанай i стаiць трывала, але яго нерухомасць трывожная, не з'яўлялiся каля яго i перасоўныя лабараторыi, з дапамогай якiх мелiся правесцi даследаваннi. Карабель не адчыняў люкаў, ператварыўшыся ў падабенства тых скал, каля якiх ён так дзiўна фiнiшаваў. Адзiным рухам у гэтым месцы быў рух "павуцiн", якiя чародамi кружылi вакол зямнога карабля. Дарма ўглядалiся ў мутны акiян атмасферы тэлезонды i чуйныя прыборы: у раёне пасадкi панавала дзiўная цiшыня.
А ў iншых раёнах адзiнага мацерыка Тартара ўсё было iнакш: праносiлiся над раўнiнамi i адгор'ямi "цiкаўнiкi" - так чамусьцi ахрысцiлi даследнiкi лятаючыя скалы; нетаропка плылi па сваiх загадкавых справах "павуцiны"; у гарах з'яўлялася i доўга не знiкала барвовае свячэнне; рэзка i незразумела мяняўся рэльеф знаёмай мясцовасцi... Так, з вышынi ўсё гэта вельмi нагадвала актыўную цывiлiзаваную дзейнасць, пабудаваную па сваiх, невядомых людзям, законах...
- Крыўдна, што мы натыкаемся на раўнадушнасць... - не заўважыўшы, як загаварыў услых, вымавiў Грэхаў. Спахапiўшыся, змоўк.
- Што? - спытаўся Сташэўскi, паглядзеўшы на яго.
- Нiчога, - прамармытаў Грэхаў, адчуўшы на сабе дапытлiвы позiрк Малчанава.
- Увага! - прамовiў з аператыўнага вiдэома iнжынер сувязi Станцыi. Дальнасць на мяжы. Далей пойдзе сваiм ходам.
- Гатовы, - коратка кiнуў Дыега Вiрт, трымаючы руку над рэгулятарам кiравання. Шлем бiякiравання ён ужо надзеў.
- Жадаю поспеху, - суха сказаў з суседняга вiдэома Кротас. - Пакуль яшчэ не позна, задавайце пытаннi.