Читать «Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Кузьма Черный
Дзе аўтар чуў гэтакiя характары сказаў? Калi ён чуў iх у канцылярыях, выдавецтвах, рэдакцыях, дык гэта не дазваляе яшчэ пiсаць гэтак для друку. Бо збеларусiзаваныя чыноўнiкi, а часта i рэдактары, пазнаёмiўшыся з "практычных слоўнiкаў" з "беларускаю моваю", замест, напрыклад "я не имею охоты идти", гавораць: "я не маю палявання iсцi", замест "половые отношения" гавораць "падлогавыя адносiны", замест "дай ключ открыть шкаф" - "дай крынiцу адчынiць шафу"... "Лунныя лапы" ўсялякiх "Над абрывам" якраз створаны гэтакiм жа самым прынцыпам.
"Дык гэтаму ж Баханская галаву закруцiла, мусiць хоча выйсцi за яго замуж". Аўтар добра ведае: "она ему вскружила голову... выйти замуж", дык ён пiша "галаву закруцiла". Беларуская мова ведае гэтакi зварот, ён ёй вельмi ўласцiвы, але ён ужываецца зусiм iначай. Напрыклад, гэтак: "Каб табе галаву набок закруцiла". "На гэтых днях зайшлi яны да Батурскага". Не пiша ён "гэтымi днямi", а "на гэтых днях". Як жа ён можа напiсаць гэтак, як гаворыць беларускi селянiн або не зрусiфiкаваны рабочы, калi ён сам прывык гаварыць "на этих днях". Або "даклад датычыўся самавольных парубак". Цi не лепш жа было напiсаць "доклад касался самовольных порубок"? Гэта была б жывая прыгожая расейская лiтаратурная мова. А то - пераносiць гэты, прыгожы ў расейскай мове, сказ у мову беларускую, не адчуваючы, што ў беларускай мове гэтакага кiрунку няма. Уводзiць у беларускую мову "крынiцу, якою адчыняюць шафу" i думае гэтым дубовым пiлавiннем забiць жывую прыгожасць народнай мовы. Няўжо гэта цяжка напiсаць: "у дакладзе гаварылася пра самавольныя парубкi"? Але дзеля гэтага трэба вывучыць мову, калi ўжо не давялося ведаць яе змалку.