Читать «Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры (на белорусском языке)» онлайн
Кузьма Черный
Черный Кузьма
Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры
Вялiкая беларуская моўная стыхiя не толькi не загiнула за час шматвяковага нацыянальнага падняволення Беларусi, не толькi не была праглынута моцнымi культурамi суседнiх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацце арыгiнальных формаў, служачы нават багатым матэрыялам для суседнiх моўных культур. Беларуская мова - мова беларускiх казак i песень, фразеалогiя народнае гутаркi, - гэта найглыбейшая самабытнасць i хараство.
Сiла самабытнасцi слова разбурае ўсе спробы iншых моўных культур залiчыць якую-небудзь мову ў свае "наречия". Гэта даведзена якраз прыкладам з беларускаю моваю. А чым больш нацыянальных асаблiвасцей мае гэтая культура, тым больш гэта ўзбагачае тыя нацыянальныя элементы, з якiх ствараецца агульная чалавечая культура.
Усё гэта даўно вядома. Але ўсё гэта даводзiцца прыгадваць з тае прычыны, што мы перажываем асаблiвую пару ў развiццi нашае культуры. З аднаго боку - яшчэ i цяпер не зусiм змоўклi галасы некаторых акадэмiкаў i дацэнтаў пра "наречие". З другога боку - павiнны быць створаны беларускiя вышэйшыя формы беларускай культуры. I тут паўстае найвялiкшае пытанне мовы. Бо каб гэтыя "вышэйшыя формы культуры" былi i вышэйшымi i беларускiмi, няйначай трэба, каб яны былi сапраўды ў беларускай мове.
Беларуская жывая лiтаратурная мова перажывае цяпер пару свайго фармавання. Дык трэба, каб усе ўсвядомiлi, якую вялiкую гiстарычную адказнасць жыццё ўсклала на лiтаратараў, гэтых адзiных тварцоў жывога кнiжнага слова. А тым часам частка лiтаратараў, трэба думаць, не зразумела сваiх задач у моўным пытаннi, мусiць, не адчувае на сабе гэтае адказнасцi. Бо траха не ўсе нашы часопiсы i газеты, а таксама творы некаторых пiсьменнiкаў выходзяць у свет у гэтакай мове, якую можна назваць сапраўды толькi "наречием". Фразеалогiя гэтае мовы зусiм не беларуская. Гэта фразеалогiя той мовы, стыхiя якое пануе ў аўтара, на якой у аўтара працэс думання. Гэтая з'ява, якая не толькi не слабее, а набывае памеры нястрыманай навалы, цяжкiм каменем загароджвае дарогi развiцця беларускае культуры.
У "Узвышшы" № 2 за 1927 г. Уладзiмiр Дубоўка ў сваiм артыкуле "Пра нашу лiтаратурную мову" ўспамiнаў адзiн верш, якi напiсаны нiбы ў беларускай мове, але ў якiм усяго некалькi беларускiх слоў. Верш з гэтакiмi тэрмiнамi, як "лунныя лапы"... Гэтыя "лунныя лапы" ўсё больш i больш пускаюць каранi, усё больш i больш iмкнуцца запанаваць цалкам у нашай лiтаратурнай мове. Гэтая навала робiць справу змагання з беларускаю культураю i яе льга выкаранiць толькi тады, калi нашы лiтаратары стануць тут свядомымi i дзейнымi, калi яны адчуюць усю сваю адказнасць. Бо iначай, побач з крышталяваннем нашае лiтаратурнае мовы, гэтая навала будзе ўсё ўмацоўвацца i загароджваць дарогi лiтаратурнай культуры. Гэтае злачынства цалкам ляжа на сумленне тых лiтаратараў, якiя сталi на працу як бы дзеля таго, каб патаптаць i знiшчыць тое моўнае багацце, якое Беларусь збiрала i ахоўвала ўсе доўгiя вякi свае падвойнае няволi.