Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 23

Іван Чыгрынаў

Гаварыў Раман:

— Пераехалі мы, значыць, Сож, глядзім, а немец ужо ля ракі. Бачым, не паласа. Тады мы з Рахімам...

«Мусіць, той», — паглядзеў Зазыба на скуласты твар незнаёмага чалавека.

— ...тады мы з Рахімам выскачылі кумільгом з машыны да ў кусты. Ну, а немцы, яны таксама не дурні — убачылі нашы машыны і пачалі лупіць па іх, ажно пэтлахі паляцелі.

Раман гаварыў і быццам для пэўнасці пазіраў на аднавяскоўцаў.

Тыя слухалі яго па-рознаму.

Парфён Вяршкоў сядзеў з апушчанай галавой, паціху варушыў наском пабялелага абрэзня — бот без халявы — пасохлую кару, што ляжала пад бёрнамі; шчаціністы і даўганосы твар яго быў, здавалася, абыякавы, але тоўстая шыя натужна чырванела.

Сілка Хрупчык тым часам не зводзіў вачэй з Рамана Сёмачкіна — лавіў кожнае ягонае слова.

Іван Падзерын неспакойна круціў галавой, якая сядзела ў яго на кадыкаватай шыі, і ўсё ўхмыляўся, нібыта кажучы: ладна, брашы ўжо да канца.

І Раман вылузваўся:

— ...але чуем, перастаюць страляць. Тады я таўхаю пад бок Рахіма, паказваю вачамі — бяжым. Бачым, сёй-той таксама ўстае на карачкі. А хтосьці крычыць: «Па машынах!» Але куды паедзеш, калі камандзёраў няма? Ета ж як пачалі страляць па нас ля ракі, дак тыя на браневіку сваім і ўцяклі. Ну, падышлі мы з Рахімам да свайго грузавіка, глядзім — разбіты і бянзін выцякае.

Зазыба падышоў да бёрнаў, сеў зводдаль. Раман Сёмачкін кінуў на яго вачамі, але загаварыў гучней.

— Яно і праўда, што мы без камандзёраў адны? Пачалі разыходзіцца хто куды. Мы з Рахімам таксама вырашылі падацца сюды, балазе, да Верамеек недалёка. Вёрст сорак, калі напрасткі.

Да гэтага ўсе, хто слухаў Рамана, па розных прычынах маглі стрымлівацца і не выказваць сваіх адносін, бо тое, што гаварыў ён, было звычайнай гаварнёй чалавека, які не толькі выхваляўся, выдаючы няпраўду за праўду — верамейкаўцы ж не ведалі сапраўднага становішча ў арміі і на фронце, — але і не хацеў тым часам паказаць сябе ў вачах аднавяскоўцаў яўным дэзерцірам: маўляў, так склаліся абставіны...

Аднак Раман дапусціў адну памылку, нават не памылку, хутчэй звычайную прамашку — недакладна назваў адлегласць ад Сажа да Верамеек. І гэтага дастаткова было, каб Іван Падзерын паправіў:

— Лічы, з гакам.

А вясковым людзям — толькі пачні.

— Дай гак трэба яшчэ памераць, — дадаў тут жа Сілка Хрупчык.

— Парфён, мусіць, дакладна ведае, — сказаў яшчэ Іван Падзерын, — ён жа некалі хадзіў таксама і ў Чэрыкаў.

Але Раман Сёмачкін не даў сказаць Вяршкову.

— Ета калі тое было, што Парфён хадзіў, — запярэчыў ён, — а мы во з Рахімам цяпера нагамі памералі ўсё. Напрасткі, дак вёрст сорак, не болей.

Вяршкоў паглядзеў на Зазыбу, па-змоўніцку ўсміхнуўся:

— Раман, мабыць, сігаў дужа, ці паглядзеў калі нават на пяты сабе?

— Тады няхай скажа ён! — зрабіў нібы пакрыўджаны выгляд Раман Сёмачкін і паказаў на Рахіма, які з аднолькавай увагай і неўразуменнем слухаў кожнага, настаўляючы неяк па-воўчы правае вуха.

— Рахім твой таксама ці паспеў азірнуцца хоць раз, — памагаючы Парфёну Вяршкову, з’едліва кінуў са свайго бярна Зазыба.