Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 20
Іван Чыгрынаў
— Можа, і ты, Дзяніс, не снедаў яшчэ, дак хочаш? — ён паглядзеў на комін Зазыбавай хаты, усміхнуўся. — Але ж бабы нашы сянні... позняцца... бытта сапраўды чакаюць...
— Мужыкоў дома няма, дак і раскашуюць. Хоць высплюцца.
— Да ўжо ж...
Прыбыткоў пастаяў яшчэ, а тады пайшоў, торкаючы ў зямлю дубцом; абутыя ў лапці ногі — у свае гады ён не мог іх змяніць ні на якія боты! — стаўляў так, быццам асцерагаўся наступіць на што калючае. Зазыба падумаў — і праўда знасіўся Кузьма!.. Але ж на памяці людзей Прыбыткоў яшчэ не вельмі даўно разгінаў для забавы жалезную падкову і некалі пахадзіў з сынамі, бадай, па ўсім забесяддзі — ад Вялікага да Малога Хоцімска: амаль усе столі і падлогі ў хатах, што будаваліся апошнія трыццаць гадоў у вёсках, былі пакладзены з ягоных дошак; пільшчык ён быў адмысловы і вечна хадзіў, абсыпаны тырсай.
Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў.
Але па завулку ўжо бег сын Гаманьковай Хрысціны. Іван аднекуль спяшаўся, нёс на сабе, уздзеты на галаву, хамут з чорнай скуры. Мусіць, хлопец бег па вуліцы і пацішэў, калі ўбачыў Зазыбу, тады на нейкі момант ажно разгубіўся, але павярнуць ужо не было куды, і ён, выдаючы сваю збянтэжанасць, што наскочыў на намесніка старшыні калгаса, адно перайшоў паспешліва на другі бок завулка, каб неяк збочыць, хоць хата Гаманьковых стаяла побач з Прыбытковым дваром.
Калі Іван наблізіўся, Зазыба спытаў:
— Гэта ж куды вы надумаліся ехаць?
— Н-не, мы не паедзем, — спалохана паглядзеў на Зазыбу хлопец.
— Тады навошта хамут?
— А я ўзяў яго на канюшні. Там цяпер бяруць хто захоча.
Зазыбу раптам нібы сцебанула чым.
— Ты от што, — сказаў ён без вялікай злосці, — нясі назад, раз не паедзеце. Бо навошта дома трымаць? Канюшня ж ёсць!
Зазыба ледзь не стрымгалоў заспяшаўся да стайні, якая была на беразе возера. Пакуль шыбаваў па вуліцы, паступова спакайнеў, але ўжо ля самых варот, якія былі адчынены і ў якіх, тоўпячыся, гаманілі вясковыя бабы, сціснуў абедзве вязанкі пальцаў у кулакі.
— Здароўця, — кінуў ён бабам.
Тыя аціхлі адразу, быццам убачылі прывід, і расступіліся, даючы Зазыбу на стайню дарогу.
— Ну што вы збегліся? — як не прыкрыкнуў на іх Зазыба.
Тады нехта спуджана хіхікнуў за спінамі. Наперад ступіла Куліна Вяршкова:
— Мы ета на работу прыйшлі, а тута...
— Нясіце ўсё на месца, — сказаў Зазыба.
Бабы, як прысаромленыя, кінуліся ў трысценак, пачалі складваць на падлогу хамуты, сядзелкі, — усё, што трымалі дагэтуль у руках. Зазыба стаяў на праходзе, і ў яго на твары пад скурай хадзілі жаўлакі. Ён усяго мог чакаць ад сваіх верамейкаўцаў — дзе толькі фэст, і яны заўсёды там, — але тое, што пабачыў цяпер, не ўкладвалася ў галаве: выходзіла, толькі звядзі вочы, як адразу разнясуць усё калгаснае па дварах. Суцяшала адно, што не было на стайні мужыкоў.
Праз хвіліну да Зазыбы падышла тая ж Куліна Вяршкова.
— Ета ўсё Раман, — сказала вінавата яна, — ён пачаў першы насіць да сябе, нават калёсы закаціў на двор, а мы паглядзелі, таксама загарэліся.
— Які тама яшчэ Раман? — неўразумела паглядзеў на жанчыну Зазыба.