Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 191
Іван Чыгрынаў
Неба сёння было чыстае. Гэта Чубар помніў яшчэ ад таго, як стаялі ў лесе, край паляны, а бабінавіцкі Хоня махаў ля воза сякерай, рашаючы сваё дабро. Але цяпер Чубар здзівіўся, калі задраў галаву і ўбачыў над сабой замурзаны белымі пісягамі блакіт: акурат мастак паклаў там лёгкую грунтоўку на палатне.
Недзе ўжо Хоня Сыркін павінен быў вывесці на гуцянскую дарогу сыноў, ды пакуль не відаць было за лесам, і Чубар падумаў, што таксама пойдзе адсюль, як толькі пабачыць іх. Але раптам штосьці хруснула за дрэвамі. Чубар крута павярнуў у той бок галаву.
І нічога падазронага не ўбачыў. Тады зусім блізка, можа, за пятнаццаць крокаў, задзогалі ногі — яўна ішоў міма вялікі звер альбо тупала капытамі жывёліна. Чубар выцягнуў шыю, адарваў абцасы ад прымятага балотнага моху. На луг выходзіў рагаты лось. За ім, неяк бокам, быццам на моцны вецер, тупала па зялёнай атаве маленькае ласянё. Дасюль сахаты вадзіў яго за возерам, па імшарах, а колькі дзён таму адшукаў дарогу і сюды, у гэты змешаны лес. Чубару не даводзілася бачыць жывых ласёў... А ласі тым часам узышлі на сцежку, якая вяла да бульбянога поля. Там, у неглыбокай лагчыне, біла з зямлі, узятая ў дубовую кадушку, крыніца, і яны, няйначай, хацелі напіцца з яе. Па тым ужо, як вёў сахаты па сцежцы ласянё — зусім не насцярожваючыся — можна было меркаваць, што рабіў ён гэта не першы раз тут.
Неўзабаве заўважылі ласёў і ў Паддубішчы. Чубару было відаць, як пасталі там верамейкаўцы сярод жыта і пачалі ўглядацца з-пад локцяў на невядомага прышэльца з малым, а нейкі мужчына нават кінуўся бегчы напярэймы. Чубару заманулася пазнаць яго. Але дарэмна. Здалёку відаць было, што чалавек нетутэйшы. Прынамсі, нікога ў Верамейках, таксама як і ў Мамонаўцы, у Кулігаеўцы нельга было параўнаць з ім. У руцэ незнаёмы (то быў Рахім) трымаў вінтоўку. Але Чубар не адразу прыкмеціў яе — падумаў, звычайны дубец. Спахапіўся ён тады, як чалавек ускінуў той «дубец» перад сабой ды стрэліў у сахатага. Стрэл выйшаў нечаканы і сухі, быццам паламалася што крохкае ад першага ж дотыку, але рэха, якое паляцела адтуль па ўзлеску, раптам кальнула Чубара ў сэрца. «Ах ты, падлюга!» — сціснуў ён вязанку пальцаў на сваёй вінтоўцы і паспяшаўся глянуць у той бок, дзе былі ласі. Куля Рахімава пацэліла ў самы раз, каб адабраць жыццё ў сахатага, і той ужо стаяў на пярэдніх каленях, апускаючы ў поўнай непрытомнасці галаву на тупкую сцежку. «Ах ты, падлюга!» —зноў вылаяўся Чубар і перавёў позірк на чалавека, які выпусціў кулю па сахатым. Але нават каб ён і рашыўся адпомсціць за прыгожага звера з магутнымі рагамі на галаве, то ўжо не было як: з Паддубішча да крыніцы спяшаліся верамейкаўцы... Затое цяпер Чубар меў магчымасць пазнаваць сваіх калгаснікаў. Паперадзе, у расхрыстанай фуфайцы, бег, ажно як не каціўся па ўзгорку, Мікіта Драніца. Яго не паспявалі апярэдзіць нават падлеткі, якія ўслед за дарослымі кінуліся з усіх ног да крыніцы. Убачыў Чубар і свайго рахункавода Івана Падзерына. Той таксама спяшаўся паглядзець на забітага звера. Але крочыў ён пасярод жаночага натоўпу, быццам гэта кабеты абкружылі яго знарок і вялі на якую расправу... А Дзяніс Зазыба тым часам ішоў побач з Брава-Жыватоўскім. Па іхняй нетаропкай хадзе і па тым, як заўзята гаманілі аб нечым, Чубар мог пераканацца, што яны і ў галаве не мелі сабе спяшацца да крыніцы, няйначай, былі ўпэўнены, што без іх не пачнецца там ніякі фэст. За плячамі ў Брава-Жыватоўскага вісела вінтоўка. Чубар згледзеў яе і толькі цяпер успомніў — Брава-Жыватоўскага ж яшчэ ці не ў пачатку ліпеня бралі па мабілізацыі!..