Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 111
Іван Чыгрынаў
У Зазыбы з Гогалевай нівай былі звязаны свае ўспаміны: заўсёды прыгадвалася, як некалі ехала з Бабінавіч па гэтай дарозе іхняе з Марфай вяселле — тады вясковыя хлопцы і маладыя дзядзькі перанялі тут «зайца»...
Дарога за нівай збочвала налева і вяла па сасновым жардзёўніку, які ажно кішэў насцярожлівымі сойкамі. Каля так званага Гарбатага мастка, што быў начыста разбураны, яна нібыта выпраствалася. Масток гэты будаваўся на паўдарозе да Бесядзі, і ў Верамейках адлегласць паміж сваёй вёскай і Бабінавічамі дзялілі звычайна на чатыры адрэзкі: спярша да мастка, пасля да Бесядзі, затым да дубровы, што за ракой; апошні прамежак ляжаў на пясчаных узлобках — далей ужо вытыркаліся крыжыкі местачковай царквы; кожны прамежак расцягваўся больш як на паўтара кіламетра, а ўсёй дарогі да Бабінавіч было, па не зусім дакладным падліку, каля сямі кіламетраў.
За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух. У калдобінах стаяла неўсмактаная вада. Была яна і на мастку, дакладней, на гаці, што замест бярвенчатага насцілу. Буланы нават не запыніўся перад мастком, адно расплюхаў капытамі рудую ваду, абдаўшы ёю жалезны хадок. Дробныя камяні, амаль пырскі, заляцелі на воз, і Зазыбу, а болей Марылі, давялося счышчаць іх і з сябе, і з дзяругі, якой была заслана трава ў перадку.
Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу, — думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка, а тады нечага прыгадалася размова з Мікітам Драніцам, калі той прыходзіў увечары па ордэн: у думках Зазыба ўжо здзекаваўся з Драніцы, які ўзяўся выконваць даручэнне Брава-Жыватоўскага. Але вось за мастком, можа, за паўтараста крокаў ад гаці, кінуліся раптам у вочы — і трэба было, як на тое, паглядзець збоч — на буйным, нібыта жоўтым пяску, што быў намыты ў невялікай седлавіне, незнаёмыя сляды. Яны нагадвалі каровіныя, але былі вузейшыя і выцягнутыя ўдоўжкі. Зазыба ведаў усіх насельнікаў тутэйшых лясоў, мог адрозніваць хоць якія сляды, аднак гэтакія, здаецца, бачыў упершыню. І ўжо зусім здзівіўся памёту, што застаўся каля дарогі, — акурат заечага, але чорнага і намнога буйнейшага; круглякі ляжалі тут не даўжэй як з начы, бо яшчэ быццам ільсніліся. Было б гэта іншым разам, ці хоць бы не сядзела на возе дзяўчына, Зазыба напэўна б спыніў каня, каб паглядзець.
Марыля тым часам нават не здагадвалася, што незнаёмыя сляды на дарозе маглі так зацікавіць Зазыбу — ёй было хораша ехаць праз лес, слухаць пошум дрэў і лавіць незразумелыя гукі, якія даляталі з нетраў. І яшчэ ёй карцела пачаць гаворку са сваім вазаком. Учора, калі прыходзіў у хату Мікіта Драніца, дзяўчына пачула ўсё ж праз філёнкавыя дзверы гаворку паміж вяскоўцамі, і яе ўразіла тады, што гаспадар меў урадавы ордэн. Дзіва, але якраз учора яна нібыта вінаватай адчула сябе, што амаль нічога не ведала пра Зазыбу — тады, у Кулігаеўцы, сакратар Крутагорскага райкома і маёр з разведаддзела арміі сказалі ёй пра яго ўсяго некалькі слоў: чалавек, маўляў, надзейны, можна спадзявацца цалкам. Калі знаёмілі іх, яна трохі прыгледзелася да Зазыбы — сапраўды, чалавек выклікаў да сябе давер адразу, хоць і меў нейкі быццам разгублены выгляд, а ягоную неразгаворлівасць (за ўсю дарогу ад Кулігаеўкі да Верамеек Зазыба, здаецца, не сказаў слова, якое можна было б запомніць) яна тлумачыла сабе трыма акалічнасцямі: характарам, сялянскім паходжаннем і вайной. Пасля, калі яны жылі, як кажуць, пад адной страхой, Зазыба таксама пазбягаў размоў. Мусіць, не жадаў ён гаворкі і сёння.