Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 45

Уладзімір Дамашэвіч

Малявалася перад ім яго будучыня: школа, урокі літаратуры, дзеці, якраз такія, якім быў ён сам, мо толькі трохі лепей апранутыя, мо трохі менш спрацаваныя, лепш накормленыя — а ён чытае ім... Што чытае? Пра Францішка Багушэвіча... Гэта самы любімы яго паэт, бо ён сваімі сялянскімі вершамі, можа, як ніхто іншы з беларускіх дзеячаў, будзіў да свядомасці сялянскую, забітую, беспрасветную нацыю, якая і ведала, што пакору, якая і ведала, што панаванне чужынцаў, якая толькі капіла сваю нянавісць і час ад часу вылівала яе ў дзікіх стыхійных бунтах, пасля якіх наступала яшчэ большая цемра... «Дудка беларуская»! Хто калі да яго і пасля яго сказаў так моцна? Так шчыра? З такім пачуццём? О, як глыбока ён разумеў сялянскую душу і змог выказаць усё, аб чым селянін толькі яшчэ марыў, толькі яшчэ сніў!

Ён, Русіновіч, зробіць усё, каб сціплыя і глыбокія вершы паэта дайшлі да сэрца сялянскіх дзяцей, дзяцей новага пакалення, новага жыцця,— каб яны палюбілі іх, так як любіць і разумее ён іх сам.

І тут Русіновіч злавіў сябе на думцы, што адводзіць сабе ў жыцці ролю таго ж Лабановіча, настаўніка, асветніка, «сейбіта вечнага». Што сказаў бы на гэта Юс Вялікі? Відаць, сказаў бы: «Вось бачыш, хлопча, практыка мацней за ўсякія штучныя тэорыі. Яна разбурае іх, як рака недасканалую плаціну. Рад, што ты сам сябе пераканаў».

«Фактычна трэба прызнаць, што Лабановічы патрэбны, без іх захірэе поле грамадскае дзейнасці, без іх застануцца нераскрытымі, проста непрачытанымі творы таго ж Багушэвіча, таго ж Купалы, Коласа,— даказваў сам сабе Русіновіч.— Значыць, трэба перагледзець сваю канцэпцыю, не лезці напралом са сваімі саматужнымі тэорыямі, а сціпла рабіць тое, што карысна. Разбураць лягчэй за ўсё. Цяжэй ствараць...»

— Эй ты, разява... Жыць абрыдла?..

Скрып тармазоў і гэты голас, які дадаў яшчэ некалькі мудрагелістых завіткоў лаянкі, абудзілі Русіновіча ад задуменнасці. Ён адчуў, як фара таксі злёгку стукнула яму ў сцягно, і паволі, нібы нічога не здарылася, ступіў крок назад.

— Чаго крычыш? Круці рублі! — І ён памахаў таксісту рукою.

Машына рванула з месца, абдаўшы пахам бензіну, і толькі цяпер Русіновіч зразумеў, якая небяспека яго абмінула.

«Сапраўды, разява»,— вылаяў ён сам сябе.

Перайшоў вуліцу і ўжо на тратуары паглядваў на машыны, якія безупыннай плынню імчалі па вуліцы. Здавалася, што палатно вуліцы — гэта канвеер, гэта ён рухаецца і нясе, і нясе ўсё новыя і новыя машыны. «Колькі машын! Не прайсці па вуліцы. А што будзе яшчэ праз год дзесяць? Вось ён, век матораў...»