Читать «Паплавы» онлайн - страница 184

Алесь Асіпенка

Яшчэ раз трапіўшы ў каляіну, Макар спыніўся на абочыне дарогі. Недзе побач, на другім баку, ішла Вера. Яе не было відаць, толькі чулася, як чоўкае пад нагамі гразь.

— Пачакайце, закуру, — сказаў у цемру Макар. — Пагрэюся. Наліло за каўнер, аж дрыжыкі бяруць.

Вера спынілася: больш не чуваць было яе асцярожных крокаў. Яна стаяла недзе побач, і Макар яскрава ўяўляў, якая яна прамоклая.

Дождж гулка шуршэў у голлі лесу. Самотна і глуха шумелі яліны. Макар дастаў папяросу, запалкі, павярнуўся спіной супраць ветру.

— Што я рабіла б, каб не вы? — скрозь шум ветру пачуў Макар Верын голас.

Макар шаркнуў запалкай, галоўка з трэскам адляцела, пакінуўшы ў цемрачы чырвоны след. Прыкурыў ён толькі ад трэцяй, але запалку не кінуў, а, пакуль яна стухла, грэў азяблыя рукі. Жаўтаватае цяпельца асвятляла яго твар, вузкі і доўгі.

— А я чамусьці люблю вось такое надвор’е, — азваўся Макар і перайшоў на другі бок дарогі:—Дождж, вецер, а ты ідзеш сабе насустрач і адчуваеш, як сілай наліваецца ўсё цела. Моц сваю чуеш. А калі прыгравае, дык спаць хочацца.

— Яно так і ў жыцці, — адказала Вера. — Хоць, шчыра кажучы, я не вельмі паважала жыццёвую калатнечу. Мне ўвесь час думалася, што жыццё павінна быць роўным, як поплаў. Аж не, яго пражыць, не поле перайсці.

Вера змоўкла. Нейкі час кожны абдумваў сваё, важнае, што абавязкова трэба было вырашыць.

Дарога пасушэла. Пад нагамі цяпер быў спрасаванц дажджом пясок. Макар прыгнуўся: у двух кроках ледзь прыкметна відаць была рэчка. На яе шэрані цьмяна маляваўся лазовы куст, але кладкі не было відаць. Узяўшыся за лазіну, Макар пашукаў нагой кладку — няма. Нагнуўся, пашукаў рукой — кладкі нідзе не было.

— Нейкі дурань скінуў, — з незахаванай злосцю сказаў ён. — Каб злавіў, дык адарваў бы вушы.

— Трэба масток зрабіць.

— Дык вось жа кажуць, што непатрэбны. Гэта ж старая дарога. На новай — вунь які мост зрабілі, а тут кладка.

— Але ж і тут людзі ходзяць.

— Ходзяць, — Макар пайшоў уніз па рацэ. Вера паціху крочыла за ім. Спачатку яна не разумела намеру Макара, потым успомніла, што ніжэй па рацэ бачыла брод. I сапраўды, там быў вельмі адхонны бераг: відаць, яго разбілі коламі на працягу многіх гадоў.

Макар падышоў да самай вады, зняў боты, звязаў іх за вушкі раменьчыкам, высока падкасаў штаны. Пясок быў мокры і вельмі халодны, аж пякло ў ступні. Макар неахвотна ступіў у раку.

Вера стаяла ў нерашучасці. Што ёй рабіць? Таксама скідаць туфлі і панчохі? Вера зняла боцікі, засталася ў падношаных туфлях. Парашыла пераходзіць раку ў іх: усё роўна прамокла да ніткі.

Макар тым часам таксама вырашаў немалаважную праблему: што яму рабіць? Як чалавек бывалы, ён разумеў, што павінен памагчы дзяўчыне перабрацца на той бераг. Але як? Перанесці? Толькі раптам яна як-небудзь па-свойму і няправільна ўспрыме яго прапанову? Макар патупаў на месцы, яшчэ раз баўтануў нагой насупраць плыні. Вера падышла да яго, спынілася ў нерашучасці. Гэта падбадзёрыла Макара.