Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 42

Алесь Петрашкевіч

X

Перад сталом узнікае здань Скірмунта.

Скірмунт. Вы хацелі мяне бачыць? У вас ёсць пытанні да прадапошняга старшыні ўрада БНР?.. Не можаце вызначыцца ў адносінах да пана Скірмунта?

Гісторык. Так, Раман Аляксандравіч.

Скірмунт. А што вас уласна засмучае ў маёй асобе?

Гісторык. Вашы сучаснікі так званай дэмакратычнай адраджэнскай плыні…

Скірмунт. Дакладней — сацыялістычнай плыні…

Гісторык. Абвінавацілі вас у здрадзе; бальшавікі аднеслі да «ворагаў народа»; нямецкія акупанты ставілі на вас, як вы ставілі на іх; сучасныя мне літаратары знаходзяць у вашай дзейнасці рысы непадробнай самаадданасці Айчыне…

Скірмунт. А вас што ў ва мне цікавіць?

Гісторык. Чалавечая сутнасць знакавай фігуры другой паловы XIX стагоддзя і першай — ХХ-га.

Скірмунт. Можаце з поўным правам аднесці Скірмунта да фігураў трагічных абодвух стагоддзяў. Але няхай вас гэта не вельмі займае, бо гісторыя, на жаль, не мае ўмоўнага ладу. А Беларусь, вам сучасная, зноў на ростані, на лёсавызначальным раздарожжы, як і тады, напачатку XX стагоддзя. I яе новым фігурантам, як трагічным, так і фарсавым, давядзецца выбіраць: ці зноў лезці ў імперскае расейскае ярмо, ці прычыніцца да аб’яднанай цывілізаванай Еўропы, лёс якой сёння вырашае не адна Германія. Перад вамі, постсавецкімі, паўстала жорсткая дылема: ці нешта выбраць новае, ці зноў застацца на стагоддзі ва ўмовах унутранай акупацыі. Дык ці варта траціць час на высвятленне нашых памылак, подзвігаў і ахвяр. А калі казаць пра сябе, то перад вамі душа сумленнага беларуса. Настолькі сумленнага, што энкэвэдысты ад вызваліцеляў Заходняй Беларусі нават не заводзілі на пана Скірмунта следчай справы, а даручылі прапойцам з тутэйшых застрэліць неадкладна. I тыя застрэлілі. Перад стрэлам мне і ўспомнілася парада Леніна таварышу Сталіну: беларускіх адраджэнцаў-бэнээраўцаў «приласкать и уничтожить». Каго прылашчылі, а каго і не. А разам вынішчылі амаль 900 асобаў, і якіх?! …Каб адраджэнцаў Беларусі XXI стагоддзя не пачалі адстрэльваць зноў, не памыляйцеся самі і не дапускайце здрады.

Стол Гісторыка раптоўна зацямняецца і адразу ж асвятляецца. Прывід Скірмунта знікае.

XI, XII

Гісторык. Апошняй ахвярай з энкэвэдэшнага спісу бэнээраўцаў амаль на 900 асобаў стане апошні прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч. Перад арыштам у верасні 1939 года ён яшчэ паспее выступіць перад беларускай інтэлігенцыяй Вільні. I апошнімі яго словамі будуць спадзевы на тое, што «стварэнне адзінай свабоднай Савецкай Беларусі адкрые для беларускай культуры шлях шпаркага развіцця ўперад. Не будзе больш працоўны беларус застрашацца турмой і бесчалавечнымі здзекамі».