Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 8

Таццяна Мушынская

Апошняя праграма – яе творчы вечар. Дзякуй богу, ужо не першы. Надзю лічылі адной з самых таленавітых маладых спявачак краіны. Хоць паняцце «малады» ў творчасці адноснае. Малады, калі табе ўжо за трыццаць. Музычная школа, потым вучэльня, потым кансерваторыя – пакуль адолееш, раней і не атрымаецца з цябе прафесіянала.

Пра яе шмат пісалі. Прыгадвалі ў аглядах фестываляў, час ад часу ў газетах і часопісах з’яўляліся творчыя партрэты і інтэрв’ю. Пісалі пра тое, што яна ўмее ўвасабляць розныя тыпы характару. Аблічча жанчыны моцнай і ўладарнай, чые пачуцці прымушаюць мужчыну падпарадкавацца; аблічча жанчыны-ахвяры нейчай пачуццёвай прыхамаці ці былой жарсці; жанчыны-цацкі ў руках сляпога лёсу. Пісалі, што яна ўмее ўвасабляць гармонію ўзаемаадносін і іх дысанансы, здольная адлюстраваць у голасе і яго адценнях, у выразе твару, міміцы, жэстах усю бясконцую разнастайнасць эмацыйных фарбаў і душэўных станаў.

Усе выразкі з газет, часопісы, праграмкі ўласных канцэртаў Надзя беражліва захоўвала. Калі цяжка ішлі рэпетыцыі або нехта сапсаваў настрой, яна даставала іх з шуфляды стала і пераглядала стос, нібы шукаючы ў напісаным пра яе маральную падтрымку і супакаенне. Але гэта здаралася рэдка. Часцей натхняла галінка клёна за акном, феерычнае багацце восеньскіх фарбаў, карціна, убачаная на вернісажы, твар у натоўпе. Але найперш – сама музыка.

Апошнія шэсць-сем гадоў яна спявала шмат вакальных сачыненняў сучасных аўтараў. Ведаючы, што Надзя ахвотна адгукаецца на іх просьбы і прапановы, кампазітары часта прыносілі ёй новыя опусы. Здаралася, прысвячалі. Беручыся за новы, ніколі яшчэ не спяваны твор, Надзя адчувала сябе вандроўнікам, падарожнікам, якога чакаюць незвычайныя адкрыцці. Так у дзяцінстве яна чытала, а дакладней, глытала – кнігу за кнігай! – прыгодніцкія раманы. Піраты, скарбы, невядомыя землі – і ўвесь час душа трымцела ад хвалявання: што будзе далей? Так i цяпер, калі яна перагортвала нотныя аркушы, яе вакальная душа хвалявалася: а што там далей?

Рамансы, песні, вакальныя цыклы, арыі з опер і аперэт Надзя развучвала хутка, лёгка, з задавальненнем. А вось над засвоеным матэрыялам працавала доўга, літаральна мучылася, перабірала безліч варыянтаў. Канцэртмайстар, яе любімая i незаменная Ірачка, бландзінка з капой узбітых пышных валасоў, часам не вытрымлівала, губляла цярпенне i рашуча заяўляла:

– Надзея Аляксандраўна, мы пераходзім да наступнага твора!

Надзя пагаджалася, але ноты забірала з сабой i дарабляла дома тое, што не дарабіла з Ірачкай. Пачаўшы асвойваць камерную лірыку пэўнага класіка, яна звычайна перачытвала пра яго ўсё, што толькі можна было знайсці. Але найперш не разумныя музыказнаўчыя манаграфіі, хоць часам i ix таксама, а найперш ліставанне, мастацкія творы, прысвечаныя яму. Немагчыма спяваць, не адчуўшы водар той эпoxi.