Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 260

Ніл Гілевіч

Старшыня: Паважаныя народныя дэпутаты, я прашу вас супакоіцца! Я зьвяртаюся да ўсіх».

Так, сапраўды, зала наэлектрызавалася і шумела-гаманіла на ўсе галасы. Яшчэ многія бралі з месца слова ў падтрымку «адзінай дзяржаўнай беларускай» з прапановай — «ну давайце прагаласуем яшчэ раз». Сёй-той напэўна і з разьлікам: правалім і ў трэці раз, — калі ўжо дэпутат Н. Г. так хоча перагаласаваньня. Да мяне падсеў аўтарытэтны сярод дэпутатаў ад грамадскіх арганізацыяў (ад пенсіянераў) высокі кашчавы генерал Гетц і спытаў: «Ну вы хоць згодны даць рускай мове ў Беларусі статус мовы міжнацыянальных зносінаў?» Я ведаў, што ў прыбалтыйскіх дзяржавах руская мова такога статусу не атрымала, але ведаў, разумеў і тое, што мы не Прыбалтыка, і таму адказаў: «Згодзен». І дзіва дзіўнае: дэпутат-генерал сказаў некалькі слоў у падтрымку таго варыянту, які, ўрэшце рэшт, і быў запісаны ў Канстытуцыі: «Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забясьпечвае права свабоднага карыстаньня рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў».

У маім жыцьці было некалькі сапраўды шчасьлівых дзён. Першы — калі пасьля трох гадоў нямецкай акупацыі, жыцьця пад пастаянным страхам сьмерці, я сустракаў у ліпені 1944-га «нашых» («Нашы ідуць! Гэй-гэй! Нашы ідуць!»), разумеючы, што вайну перажыў, ацалеў, не загінуў. Другі — калі ўлетку 1946-га ўбачыў у часопісе «Бярозка» свой першы надрукаваны верш. Трэці — калі ўступіў у шлюб з каханай дзяўчынай. Чацьверты — калі нарадзіўся сын. Быў і яшчэ адзін дзень — калі 26 студзеня 1990 году быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Але тады Закон прымаўся простай большасьцю галасоў у Вярхоўным Савеце, ды і сама Беларусь была яшчэ савецкай рэспублікай, а не самастойнай незалежнай дзяржавай. І вось, нарэшце, беларуская мова запісана як адзіная дзяржаўная ў Канс­тытуцыі суверэннай незалежнай Беларусі. Надыйшоў і гэты Доўгачаканы Вялікі дзень. Сталася самае радаснае, самае запаветнае, аб чым марылі многія пакаленьні верных сыноў і дачок Беларусі. Свая дзяржава — і свая дзяржаўная мова! Па Канстытуцыі! Па асноўным Законе краіны! Нікому больш ня кланяемся, нікога не баімося! Самі сабе гаспадары! І роднае слова таксама будзе ад гэтага часу гаспадарыць паўсюдна і скрозь — па ўсёй Беларусі! Ад гэтага часу — і на вечныя векі!..