Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 17
Віталь Вольскі
Невядомы звер
Слых у леапарда тонкі, а сон лёгкі і чуйны.
Дункан раптам прачнуўся, быццам нехта дакрануўся да яго, ускочыў і агледзеўся, гатовы да абароны.
Да яго набліжалася некалькі чалавек, узброеных стрэльбамі. Дункан кінуўся ад іх прэч і знік у пералеску. Там, прадчуваючы нядобрае, ён схаваўся ў самым гушчары.
Паляўнічыя не паспелі яго разгледзець. Ім здалося, быццам мільганула нешта накшталт рысі, але цвёрда ўпэўнены ў гэтым яны не былі.
— Хто гэта ўсё ж такі? — спыніўся на дарозе і спытаў адзін з іх.
— Можа, сапраўды, рысь? — адказаў другі пытаннем на пытанне.
— А як мяркуеш ты, Мікеліс? — звярнуўся ён да кіраўніка групы.
— Хто яго ведае, — сказаў той, паціснуўшы плячыма. — Звер, відаць, буйны, а футра жоўтае, з цёмнымі плямамі. I след круглы, як у рысі. Заб’ём, пабачым!
— Калі не воўк, то, мусіць, рысь, — удакладніў хутаранін, які таксама далучыўся да паляўнічых. — Хто ж яшчэ можа быць? Так яно выходзіць!
Падышоўшы да пералеску, паляўнічыя спыніліся, параіліся і вырашылі зрабіць на невядомага звера аблаву.
Пералесак быў ачэплены вяроўкай з чырвонымі сцяжкамі. Толькі ў адным месцы, як гэта заўсёды робіцца ў такіх выпадках, паляўнічыя пакінулі выхад.
Пасля гэтага людзі пачалі крычаць і шумець.
Яны пасоўваліся праз пералесак ланцугом, з супрацьлеглага боку, стукаючы па дрэвах і гучна пераклікаючыся.
Канец блукання
Усюды было шумна, толькі каля выхаду панавала цішыня. Тут стаялі найбольш вопытныя стралкі. Стаялі моўчкі, на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Не размаўлялі, не курылі, не варушыліся.
Менавіта сюды, дзе было так ціха, і памкнуўся Дункан. Асцярожна краўся паміж дрэў, нізка прыпадаючы да зямлі, і выпрастаўся толькі тады, калі апынуўся на адкрытым месцы.
Жоўтае футра з чорнымі плямкамі блішчала пад сонцам. Але людзям не было калі разглядаць незнаёмага звера ў дэталях ці любавацца ім.
Ледзь толькі Дункан з’явіўся з-за дрэў на палянцы, як паляўнічы, што ўбачыў яго першы, хутка прыцэліўся і стрэліў. Амаль адначасова грымнулі і яшчэ стрэлы.
Дункан гнеўна зароў і высока падскочыў, але ў тую ж хвіліну ўпаў. Гэта быў апошні яго скачок. Выпушчаныя кіпці магутных лап бездапаможна скрэблі снег.
Надышоў канец яго блуканням!
Так скончыў сваё жыццё Дункан, леапард з заалагічнага парку ў Гродна. Ён загінуў, пражыўшы на волі, у непрывычных для яго ўмовах, адзін год і два месяцы.
Апошняя звестка
Праз пару дзён пасля пагібелі Дункана ў рыжскай газеце «Савецкая Латвія» была апублікавана нататка пад назвай «Небывалы трафей». Пачыналася яна наступнымі радкамі: «Учора раніцай у Рызе на Плошчы 17 чэрвеня спынілася аўтамашына, вакол якой адразу сабралася шмат людзей. Паляўнічы Мікеліс Берзінь выцягнуў з машыны забітага леапарда. Плямісты драпежнік важыў больш за 70 кілаграмаў».
Разам з тэкстам быў змешчаны фотаздымак. На плошчы стаіць каля машыны паляўнічы і трымае руку на забітым леапардзе, маладым і прыгожым.
Далей гаварылася, што ў мінулую суботу каля дваццаці паляўнічых з Салацгрывы і Лімбажы наладзілі ў лесе аблаву на невядомага драпежніка і забілі, на сваё здзіўленне, леапарда. У нататцы было змешчана сцверджанне галоўнага ляснічага Міністэрства лясной гаспадаркі, да якога звярнуўся карэспандэнт: «Леапарды ў латвійскіх лясах не сустракаліся яшчэ ніколі… Звер, напэўна, уцёк з заапарка ці цырка, хаця за апошні час ніякіх звестак аб гэтым не паступала. А можа, леапард быў выгадаваны якім-небудзь аматарам і ўцёк ад яго ў лес». Заканчвалася нататка паведамленнем аб тым, што паляўнічыя вырашылі аддаць шкуру звера ў Музей прыроды Латвійскай ССР.