Читать «Мая мілая ведзьма» онлайн - страница 9

Валерый Гапееў

Я сядзеў, сцяты незразумелым хваляваннем. Не, мне сапраўды неістотна было: за які стол зараз сядзе дзяўчына, бо я зразумеў: галоўнае ўжо адбылося — яна з'явілася ў класе. А 9.18 дзявятага чысла дзявятага месяца.

— Але ж варта не забываць, што дама амаль ніколі не спыняе свой выбар на тым, хто прапануе ёй выбіраць! — гарэзліва і адначасова з дарослай, сур'ёзнай ноткай у голасе і напускным жалем прамовіла новенькая і села за стол побач са мной. — Не прагоніш? — спытала паўшэптам.

— Не, — выціснуў я.

— Якая дарослая разумніца з'явілася сярод нас! — праспявала нейкая дзяўчына, безумоўна, з атачэння Віялеты.

Але новенькая ніяк не адрэагавала на гэту шпільку.

— Як звяртацца да дамы? — Юрась ззаду нахіліўся да нас.

— Па імені, — павярнулася яна да яго. — Лепей — Ядвіся. Для сяброў — Ядзя. Для блізкіх сяброў — Яся.

— А я — Юрась, для сяброў Юр, а мой сябра, якога ты выбрала, — Кірыла, для сяброў — Кір. Ён хоць крыху малахольны, затое надзейны і без выбрыкаў. А я — геній матэматыкі і прадказаў тваё з'яўленне ў класе!

Ядвіся прымружыла вочы (як выявілася, шэра-зялёныя, з густымі вейкамі) і загадкава сказала:

— То я абрала менавіта гэты дзень, магла б яшчэ колькі пралайдачыць. І час — 9.18 — таксама мой выбар!

Яна ўсміхнулася.

Юрась разгублена залыпаў вачыма, разявіў рот, каб нешта сказаць, але тут Ганна Тодараўна паляпала далонню па стале:

— Усё, досыць на сёння матэматычнай містыкі, знаёміцца будзеце на перапынку, Юрась, калі ласка, не перашкаджай весці ўрок. Працягнем.

Так мы пазнаёміліся.

2

Мы выйшлі са школы разам — я, Ядвіся, Юрась і Уладзя. Не тое, каб супала, — Юрась прапанаваў паказаць новенькай наш раён. Здаецца, ён запаў на гэту Ядвігу. Мяне казытнула трохі: Ядвіся ж села побач са мной, ці не занадта ён актыўнічае? Але, па шчырасці, я быў і ўдзячны Юрасю. Бо мне хацелася таксама яшчэ пабыць сёння з новенькай. На ўроках не паразмаўляеш, а на перапынках да яе падыходзілі дзяўчаты: адразу Віялета са сваімі «фрэйлінамі» прайшлася міма, яны зморшчылі насы, фыркнулі грэбліва: знешне Ядвіся ніяк да эліты не цягнула: апранутая ў таннае, красоўкі не фірмовыя, золата ў вушах няма, пальцы рук не ў пярсцёнках, пазногці нефарбаваныя, хоць і акуратныя, чыстыя.

— Эліце ты не падышла ніяк, — зрабіў свае першыя высновы Юрась, звяртаючыся да Ядвігі.

— Мне плакаць ад гэтага? — прымружылася яна запытальна.

— Ат, радавацца! — усміхнуўся ў адказ Юрась і стаў тлумачыць: — Эліта наша — сама пабачыла, якая. Астатнія — плебс. Гэта падмноства неарганізаванае, без выразнага цэнтра, разбітае на асобныя групкі, якія флуктуюць адна ў адну, разбіваюцца, знікаюць, варагуюць.

— А вы?

— А мы — нейтралы! Анархісты, — з гонарам паведаміў Юрась. — Мы — па-за ўсімі, мы самі па сабе! Хочаш, будзем разам?

— Вось як? — Ядвіся з цікавасцю зірнула на Юрася, спытала: — А хіба можна быць самім па сабе і адначасова — з некім?

— Можна, — адказаў за Юрася Уладзя. — Калі група падтрымлівае правы кожнага заставацца самім сабой і не навязвае яму свае правілы паводзін.

— Вой, якія ж вы разумныя! — новенькая з захапленнем глядзела на нас, і было незразумела: шчыра яна кажа тое ці не. — І як жа вы мяне возьмеце ў сваю кампанію?