Читать «Мая мілая ведзьма» онлайн - страница 14

Валерый Гапееў

І я шпарка выйшаў з кавярні.

Праз сотню метраў я супакоіўся і паспрабаваў зразумець: чаго я насамрэч так запсіхаваў? Ядвіся ўспомніла майго бацьку? Ды не, даўно не пераймаюся праз гэта. А вось што яна сказала няпраўду, і што выкрылася яе бяскрыўдная хлусня, спроба ўдаць з сябе незвычайную дзяўчыну, — тое было крыўдным. А так яна нармальная, няблага ўсё было. Трэба ёй яшчэ гэта вядзьмарства. Хоць я сам урэшце і вінаваты — ніхто ж мяне за язык не цягнуў з гэтым пытаннем: «А ты хто такая?».

Я не помню твару свайго бацькі. Постаць, яго вяртанні памятаю, больш — сярод ночы. Ён стаяў у вітальні, вялікі, ад яго тхнула непрыемнай сумессю пахаў: поту, цыгарэтнага дыму, гарэлкавага перагару. Ён абдымаўся з маці, а я лез у ягоную вялікую сумку, дзе сярод бруднай вопраткі заўсёды быў нейкі пакунак з падарункам і прысмакі.

Мы жылі тады не ў сваёй кватэры — яе яшчэ не пабудавалі, а ў бабулі. У яе ўсяго два пакоі, і калі прыязджаў бацька, я ішоў жыць у бабулін пакой. Праўда, так было нядоўга. Памятаю, як бацька спачатку адлежваўся, адпачываў на канапе дні запар, глядзеў тэлевізар, маці прыносіла яму піва, збірала парожнія бутэлькі з падлогі. Зазвычай тыдзень так і мінаў — у насцярожанай цішыні ква­тэры, у маўклівым жаданні ўсіх нас траіх — маці, мяне і бабулі — дагадзіць бацьку. Бо ён — здабытчык, ён зарабляе грошы, якія так неабходныя, каб дабудаваць сваё жытло. Мяне маці прасіла таксама надта не круціцца каля бацькі: толькі першы-другі дзень ён колькі часу бавіўся са мной, а потым казаў мне суняцца з пытаннямі і просьбамі — хацеў адпачыць.

Пазней маці нясмела пачынала пытацца ў бацькі пра нейкія свае справы, далей — больш настойліва, той пачынаў раздражняцца, а далей і наогул адказваў крыкам. Збіраўся з хаты і ішоў некуды, вяртаўся позна ўвечары, падпіты і нахабны, гучна патрабаваў есці, курыў на кухні, на поўную моц уключаў тэлевізар, рагатаў сам з сабой. Іншы раз знікаў на дні два-тры, маці каза­ла — на рыбалку з сябрамі. Адзін раз ён і сапраўды прывёз многа рыбы — вялікіх карпаў, ад якіх непрыемна тхнула балотам. Маці з бабай увесь вечар скрэблі тую рыбу, смажылі, на кухні стаяў прэсны пах рыбных вантробаў. Бацька ляжаў задаволены ў пакоі на канапе, гэтаксама піў піва і глядзеў тэлевізар, казаў мне: наступным разам абавязкова возьме мяне на рыбалку. А я на падлозе складваў з вялізнага набору «Лега» робата-трансформера і нясмела запытаўся: наступным тыднем паедзем? Бацька амаль весела адказаў, што зараз ён зноў збіраецца ў дарогу, а вось як прыедзе праз два месяцы — абавязкова пойдзем.

Але праз два месяцы ўсё было гэтак жа: ягонае вяртанне сярод ночы, тыдзень на канапе з півам. І наступным тыднем ён пачаў зноў збірацца, хоць маці нясмела ўшчувала: гэтулькі розных спраў у кватэры, усё старое. Бацька тады злосна гыркнуў: я даю табе грошы, наймі людзей, хай паправяць спецыялісты.