Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 11

Янка Брыль

Пані Мар’я нешта ўсё піша ў журнале. Доўгія чорныя вейкі яе зусім прыкрылі вочы. Яна не бачыць Даніка, і вось ён зноў глядзіць на настаўніцу.

Янка-музыка крычаў: «Ма-ту-ля!» I пані Мар’я, чытаючы, неяк дзіўна вымаўляла гэтае слова. Тройчы. За першым разам яна сказала яго, потым спынілася і, заплюшчыўшы вочы, устрасянула галавой. А ўжо за трэцім разам у вачах яе паказаліся слёзы… Так, ён убачыў гэта, бо ён сядзіць якраз перад сталом…

Доўгія чорныя вейкі настаўніцы нечакана прыпадымаюцца. Вялікія карыя вочы яе глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя, вочы Даніка.

— Малец!

Сівы ўстае і чырванее. Ужо не толькі яна, а ўвесь клас — ён адчувае гэта — глядзіць на яго.

— Што ты зрабіў, пакажы!

Данік падае настаўніцы сшытак.

— Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец… Я пажартавала, што гультаі будуць есці лісты, — іх мы, магчыма, і на калені паставім. Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы…

Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць. Ён кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай… Ды вось не клеіцца штосьці, не так выходзіць, як хочацца… Данікаў сусед па парце — Санька Сурновіч, хлопец з мястэчка. Яны ўжо трохі пасябравалі. У Санькі выходзіць зусім інакш. Бачыш, як захапіўся, — і галаву схіліў, і шчаку падпёр языком…

— Добжэ, Сурновіч, добжэ, — гаворыць пані Мар’я. Яна ўжо стаіць каля Санькі; схілілася над ім, усперлася рукой на парту. — Ты толькі, Сурновіч, лягчэй, не так рэзка. I не спяшайся. Дай мне пэндзаль. Падсунься трошкі.

Яна падсела да Санькі і ўжо малюе сама.

— Вось так, вось так, — прыгаворвае. — Што ж, прыйдзе час, наш Аляксандр Сурновіч будзе — хто ведае? — можа, Янам Матэйкам…

Усе смяюцца, а Санька шморгае носам і сарамліва апускае галаву.

— Ян Матэйка, дзеці, — гаворыць настаўніца, — гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы.

Данік падае ёй свой сшытак, кладучы яго на Санькава месца.

— О, што гэта — аладка з хвосцікам?

Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка.

Ах, і чаму ж яна не сядзіць побач з ім, а з Санькам?! Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, «пад польку», астрыжаных валасоў. I ў душу яго само чамусьці просіцца слова «матуля», пачутае ад яе пазаўчора…

— Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы, — і трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё…

Не, ніколі, відаць, яна не палюбіць яго так, як Янку-музыку! I ніколі не сядзе побач з ім, Данікам, і не пахваліць яго так, як Саньку!..

7

За вокнамі — позняя, мокрая восень.