Читать «Віленскія казкі» онлайн - страница 36
Адам Глобус
Белая душа
У царкве Святой Параскевы Пятніцы працаваў вартаўніком Велямір Хлеб. Чалавек ён быў збольшага станоўчы, але меў адну загану - уночы абкрадаў маленькія крамы. Жонцы Велямір казаў, што цэлую ноч сядзіць у царкве і пільнуе, каб хто не абрабаваў святое месца, а сам тым часам хадзіў красці. Накрадзенае Хлеб хаваў у царкоўных сутарэннях. Калі Велямір днём хадзіў па крамах, дык дамоў вяртаўся праз сутарэнні і тое-сёе прыносіў у хату з нарабаванага.
Жонка пачала непакоіцца, бо Птах браў з сямейнай скарбонкі тры рублі, а пакупак прыносіў ажно на дзесяць ці дваццаць. Жанчына высачыла мужа і ўсё зразумела. Самым нечаканым з таго, што пабачыла жонка, была белая душа мужа. Калі Хлеб выходзіў з царквы Святой Параскевы Пятніцы, каб ісці красці, яго белая душа пакідала цела і заставалася сядзець на падлозе пад абразамі. Душа не ўдзельнічала ў злачынствах. Яна чакала, пакуль бяздушны Велямір вернецца на пост вартаўніка, а тады залятала ў яго цела.
Аднаго разу, пакуль Хлеб абкрадаў гадзіннікавую краму, жонка прыйшла ў царкву, злавіла белую душу і пасадзіла яе ў слоік пад капронавае вечка. Калі Велямір вярнуўся, жанчына зрабіла яму прапанову: яна вяртае мужу душу, а той кідае крадзяжы. Хлеб, стоячы ў царкве на каленях, паабяцаў кінуць зладзейства. Жонка адкрыла слоік і выпусціла белую душу. Тая вярнулася ў цела Хлеба. З той ночы Велямір больш нічога ні ў кога не ўкраў. Хацеў, але ў яго заўсёды хапала моцы стрымліваццца.
Жоўтая вежа
Чэрці, як і людзі, прыходзяць у Вільню па-рознаму. Адзін пешшу прытупвае, другі на ровары заязджае, трэці на матацыкле закатваецца. Чэрці не грэбуюць машынамі, аўтобусамі і цягнікамі. Найбагацейшыя з іх на самалётах прылятаюць у Вільню. Расказвалі, што нейкія чэрці нават на паветраным шары ляцелі ў наш край, але вецер здзьмуў яго некуды ў бок азёрнай Браслаўшчыны і далей у Латгалію.
Шэрахвосты чорт Ладон прыплыў у Вільню на байдзе. Прыплыў, каб рабіць добрым віленчукам розныя дробныя паскудствы. Каму шыну ў ровары прапароць, каму ў шыбу камень пусціць, каго п’янага ў лужыну падпіхнуць. Ладон быў латэнтным ніцшэанцам і жыў пад лозунгам: “Падштурхні таго, хто падае ў яміну!” Штурхаў! Біў! Псаваў! Пакуль не злавілі яго паліцэйскія і не пасадзілі ў Жоўтую вежу.
Была некалі ў Вільні Жоўтая вежа з вязніцаю для асабліва небяспечных стварэнняў. Ладон, безумоўна, быў стварэннем, і небяспечным, таму і сядзеў на ланцугу ў гэтай вежы. Ён знаходзіўся за тоўстымі сценамі, але і праз іх прапаўзала ягонае шкодніцтва. Дастаткова было дзіцяці прайсці побач з вежай, як яно пачынала хварэць на сухоты.
Калі дактары вылічылі крыніцу захворванняў, паліцэйскія раззлаваліся. Яны выкапалі глыбокую яміну перад вежай, загналі ў яе Ладона і засыпалі пяском. Чорт спрабаваў выбрацца з-пад зямлі. Тры дні і тры ночы ён стагнаў і плакаў, а потым заціх і здох. Жоўтая вежа яшчэ тры месяцы распаўсюджвала вакол сябе сухоты. Яна і далей магла б выпраменьваць заразу, але вежу разбурылі. Жоўтую цэглу вывезлі з Вільні і ўтапілі ў лясных азёрах Латгаліі. На месцы, дзе высілася Жоўтая вежа, віленчукі пасадзілі дрэўцы і зрабілі акуратны сквер, у якім цэлае лета красуюць кветкі.