Читать «Дваццаць хвілін з Немезідай» онлайн - страница 12
Вольга Іпатава
— Я проста геній, — казала тым часам мама, і яе ружовыя шчокі ўздрыгвалі, а чырвань гневу і задаволенасці прабівалася скрозь тонкі грым. — Я паслухала сваёй галавы, а сэрцу, беднаму свайму сэрцу, загадала маўчаць. І не пісала табе, як быццам не ведала пра яго, гэтага… (Тут яна спахапілася і ўсё ж апусціла вейкі.) Пра твайго…
— Мамачка, не трэба.
Я сядзела, і мне бачылася грубая драўляная шкатулка, а прывід быў у дзвярах, і я баялася сустрэцца з ягоным позіркам, таму апушчала позірк, а мамін голас біў і біў па галаве:
— І так і здарылася, ён такі не жаніўся. Абышлося без крапіўніку, ты можаш спакойна думаць пра будучае. Хаця ты і хавалася ад усіх, я даведалася… Як мне шкада, што я паддалася спакусе і паехала за тваім бацькам на цэлы год! Я вінна ва ўсім, цябе нельга было пакідаць, бо на такіх, як ты, мая дзяўчынка, на такіх і вешаюцца розныя прахадзімцы… О божа, даруй мне грэх, я такі не ўтрымала язык! Ну, гэты, твой, Смактуноўскі твой, ад якога засталася пустая шафа…
Юркі ўжо не было ў кватэры, а ў мяне не было сіл супраціўляцца бурнай мамінай пяшчоце. Я ўсё маўчала, а яна, пагаварыўшы гадзіны дзве і знямогшыся, усё ж рассцяліла канапу, распранула мяне, а мне здавалася, што я пустая знутры, як егіпецкая мумія, а мама песціць і трасе толькі «брэнную абалонку». Яна было спрабавала апеляваць да таты, але ён нешта прамармытаў, паклаў мне на лоб руку і зноў пайшоў да сваіх газет і да сваіх адказных думак, настолькі адказных, што пра іх ніхто з нас не ведаў, і мама засталася сам-насам з нялёгкімі мацярынскімі абавязкамі, тым больш нялёгкімі, што я тупела ад іх усё болей і болей, пакуль стома не адолела мяне канчаткова, і я заснула ўпершыню за многа дзён. Мамін прыезд сапраўды мяне выратаваў: яе клопаты былі такімі магутнымі, што гіпнатызавалі мяне, нібы труса, і я пакорліва глытала нейкія таблеткі, і здавала экзамены, і адпачывала ў Сочы, а праз пяць месяцаў пасля заканчэння інстытута прыйшла працаваць на студыю тэлебачання на Шабалаўку, таму што на кінастудыях хапала геніяў і без мяне. Выпадак звёў нас з Сярожам, але выпадак таксама ходзіць там, дзе яго чакаюць, а муж мой тады чакаў ад Масквы дзівосаў — не казачных, а рэальных: канешне, хіба магла параўнацца са мной, масквічкай, нейкая там правінцыялка, хіба магла кватэра і прапіска ў Маскве (добра, што ў апошні момант у ім перасіліла развага, у Маскве ён не дабіўся б таго, што ў рэспубліцы) не спакусіць такога чалавека, як Сяргей?